Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБРАМАВА Й НАВАСЯД ЛІЧАЦЬ, ШТО АПАЗЫЦЫЙНАЯ ФРАКЦЫЯ Ў "ПАЛАЦЕ ПРАДСТАЎНІКОЎ" БУДЗЕ ТОЛЬКІ ПРАЗ 1,5 ГОДА


Віталь Цыганкоў, Менск

Cёньня дэпутаты "палаты прадстаўнікоў", якія называюць сябе апазыцыйнымі — Вольга Абрамава і Ўладзімер Навасяд — распавялі пра сваю падрыхтоўку да сэсіі "палаты", што пачнецца 2 красавіка.

Вольгу Абрамаву не зьбянтэжыла, што на прэсавую канфэрэнцыю прыйшлі толькі 6 журналістаў, і напачатку яна прачытала невялікую лекцыю на тэму маральнага рэлятывізму цяперашняй радыкальнай апазыцыі й сваю філязофію палітычнага рэалізму.

Потым дэпутаты распавялі пра сваё стаўленьне да канкрэтных законапраектаў, якія яны лічаць галоўнымі ў парадку дня сэсіі. Гэта найперш пытаньне аб прызначэньні даты прэзыдэнцкіх выбараў, закон аб Нацыянальным сходзе, супраць якога выступаюць Абрамава й Навасяд, закон аб адукацыі, дзе дэпутаты прапануюць адмовіцца ад прымусовага разьмеркаваньня студэнтаў ды іншыя.

Зразумела, узьнікае пытаньне, што здольныя зрабіць два дэпутаты, колькі іншых "палатачнікаў" падзяляюць іхныя меркаваньні ды ці могуць яны аб'яднацца ў нейкую фракцыю. Адказваючы на гэтае маё пытаньне, Вольга Абрамава выказала меркаваньне, што дэпутатаў з апазыцыйнымі поглядамі ў "палаце" чалавек 10.

Абрамава аднак лічыць, што апазыцыйная фракцыя можа ўзьнікнуць толькі прыблізна праз 1,5 года пасьля абраньня новага парлямэнту. Дэпутаты, маўляў, павінны прыгледзецца адзін да аднаго. Уладзімер Навасяд лічыць, што падобная фракцыя можа ўзьнікнуць на падставе нейкіх агульных справаў. Гаворыць Уладзімер Навасяд:

(Навасяд: ) "Я згодны з Вольгай Міхайлаўнай, што мусіць прайсьці нейкі час, тады можна будзе гаварыць пра аб'яднаньне дэпутатаў, якія могуць працаваць у адной фракцыі.

Унікальнасьць гэтага парлямэнту ў тым, што нават камуністы стварыць фракцыю зараз ня могуць. Бо паводле рэглямэнту трэба 10 дэпутатаў для групы. Наколькі я ведаю, іх толькі 5".

Пакуль жа дэпутаты, якія называюць сабе апазыцыйнымі, не зьвязаныя ніякімі фракцыйнымі абавязкамі і маюць вельмі розныя меркаваньні, што выявілася нават на прэсавай канфэрэнцыі.

Так, Вольга Абрамава заявіла, што будзе галасаваць "за" ратыфікацыю пагадненьня паміж Беларусьсю й Расеяй аб увядзеньні адзінай грашовай адзінкі. Уладзімер Навасяд заявіў, што будзе галасаваць супраць, паколькі пагадненьне пагражае сувэрэнітэту Беларусі. Вось ягоныя аргумэнты.

(Навасяд: ) "Частка дэпутатаў непасрэдна ўказвае, што паводле 135 артыкула Канстытуцыі адзіным эмісійным цэнтрам можа быць толькі Нацыянальны Банк Беларусі. Такім чынам, пагадненьне парушае артыкул дзейнай Канстытуцыі. Таму я буду галасаваць супраць гэтага пагадненьня".

Дарэчы, вось ужо на працягу трох дзён міністар фінансаў ды некалькі іншых урадоўцаў літаральна ўгаворваюць дэпутатаў "палаты прадстаўнікоў" ратыфікаваць пагадненьне аб адзінай валюце. Рэч у тым, што некаторыя "палатачнікі" даволі рэзка выказваюцца ў камісіях супраць гэтага пагадненьня, якое супярэчыць Канстытуцыі. Аднак, на думку Навасяда, калі галасаваньне будзе адкрытым, наўрад ці многія асьмеляцца галасаваць супраць ратыфікацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG