Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯКАСЬЦЬ ВАДЫ Ў БЕЛАРУСІ ДАЛЁКАЯ АД МІЖНАРОДНЫХ НОРМАЎ БЯСЬПЕКІ


Ігар Карней, Менск

У большасьці цывілізаваных краінаў вада з-пад крана ў побытавых умовах выкарыстоўваецца толькі для мыцьця посуду. Беларускія рэаліі такія, што якасьць вады спажыўцоў цікавіць мала. Датычыць гэта й побыту, і вытворчасьці.

Разьмяшчэньне прадпрыемства ля вадаёму мае шэраг наступстваў. Як паказвае досьвед, канцэнтрацыя мэталаў, фасфатаў, сульфатаў, хлярыдаў можа перавышаць нормы ў дзясяткі разоў. На якасьць вады ўплываюць і так званыя кіслотныя дажджы — традыцыйны спадарожнік прамысловых рэгіёнаў. Але толькі пра адзінкавыя выпадкі атручваньня вады прамысловымі сьцёкамі паведамляюць.

Апошні прыклад — аварыя на віцебскім каналізацыйным калектары і скід некалькіх тонаў фэкальна-гаспадарчых водаў у Дзьвіну. І нават тады паднялі трывогу ня так у Беларусі, як у Латвіі. Але практычна штодня падобнае можна назіраць у вялікіх і малых вадаёмаў краіны.

Гомельская асацыяцыя АСДЭМО з 1999 году праводзіць маніторынг вады ў рацэ Сож. Высьветлена, што асноўныя прычыны забруджваньня водаў — гаспадарчая дзейнасьць і няякасны вадаправод.

Прыкладам, вада зь Вялейскага водаканалу, які забясьпечвае пітной вадой Менск, на сваім шляху зьбірае вялізную колькасьць нечыстотаў. Гаворыць Сяргей Саевіч, які шмат год вывучае стан вакол 1-га менскага водазабору ў Хмелеўцы пад Менскам:

(Саевіч: ) "Галоўны пастаўшчык сьмецьця — мясцовы кар’ер, які цягам часу заліло прыроднымі водамі, адтуль гэтая жыжа трапляе ў канал. Другое — кінутая побач недабудаваная каналізацыя. Абсалютна негермэтычная: калі падыходзіць вада з кар’еру, усё выліваецца праз накрыўкі люкаў. Потым яшчэ дадаюцца нечыстоты з дамоў, і ўсё гэта цячэ ў Менск".

(Карэспандэнт: ) "Ці ёсьць яшчэ выпадкі негаспадарлівасьці?"

(Саевіч: ) "У прыватным сэктары асэнізацыйныя машыны рэгулярна адкачваюць фэкаліі. І замест каб ехаць у поле зьліваць для адстою, едуць да кар’еру (бо гэта побач з аўтапаркам) і з шлянгу ўсю бочку зьліваюць. І зноў з вадой усё цячэ ў Менск".

Ускоснае пацьвярджэньне гэтага — актыўнае выкарыстаньне хлёру, які санітарныя службы загадваюць засыпаць у сталічную водасыстэму.

У раёне Высокага пад Берасьцем атручваецца, як сьцьвярджаюць геолягі, падземны беларускі Байкал. Там месьціца найбуйнейшае на шляху ў Эўропу газасховішча, эксплюатацыя якога мае на ўвазе выкарыстаньне мэтылавага сьпірту. А якраз пад прыродным купалам вялізныя запасы пітной вады, якая трапляе ня толькі ў Берасьцейскі рэгіён, але і ў Польшчу.

Адмоўны сьлед пакінула і бяздумная мэліярацыя. Шмат дзе перасохлі ня толькі балоты, але й вясковыя студні. Калёнкі, якія зьявіліся на гэтых месцах, зараз пампуюць ваду напалову зь ілам. Але й тыя калодзежы, якія захавалі свае запасы, небездакорныя ў сэнсе экалягічнай бясьпекі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG