Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАЛАДЫ ФРОНТ НЕЗВЫЧАЙНА АДЗНАЧЫЎ У МЕНСКУ ДЗЕНЬ КАНСТЫТУЦЫІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Апоўдні больш як 10 сяброў Маладога Фронту выйшлі на праспэкт Скарыны ў раёне ГУМу і пачалі раздаваць мінакам кніжку-улётку пад назвай “Канстытуцыя 2001”. Хлопцы і дзяўчаты з плякатамі “Канстытуцыя 2001” на грудзях вырашылі прапанаваць грамадзтву свой варыянт будучых канстытуцыйных зьменаў. Напрыклад: Беларусь – незалежная, дэмакратычная, прававая дзяржава; галоўная задача беларускай унутранай палітыкі – нацыянальнае і духовае адраджэньне; прыярытэт зьнешняй палітыкі – адносіны з эўрпейскімі краінамі; дзяржаўны сьцяг Беларусі – бел-чырвона-белы; дзяржаўны герб – Пагоня і гэтак далей.

Вось што сказаў для нашага Радыё лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец:

(Севярынец: ) “Мы віншуем людзей з Днём канстытуцыі. Сёньня па ўсім Менску, у 10 кропках, раздаецца 20 000 асобнікаў новай “Канстытуцыі 2001”. Мы лічым, што сёлета мы пераможам на прэыздэнцкіх выбарах, і трэба абавязкова прыняць новую канстытуцыю, якая будзе бараніць дэмакратыю, незалежнасьць і адпавядаць інтарэсам моладзі”.

Мінакі ахвотна бралі ўлёткі і дзяквалі ўдзельнікам акцыі за віншаваньні.

Тым часам каля ГУМу зьявіліся міліцэйскія машыны і патрулі. Без аніякіх папярэджаньняў міліцыянты заштурхнулі ў машыны і адвезьлі ў пастарунак сяброў Маладога Фронту Руслана Харкевіча і Кірыла Раўтовіча. Маладафронтаўцы пачалі абурацца. Міліцыянты заявілі, што затрымаюць усіх, калі пікет ня будзе спынены.

Пасьля маладафронтаўцы накіраваліся ў будынак канстытуцыйнага суду, дзе павіншавалі яго супрацоўнікаў са сьвятам і заявілі пратэст з нагоды затрыманьня сваіх сяброў. За ўдзельнікамі акцыі неадступна хадзілі міліцэйскія відэаапэратары.

Маладафронтаўцы таксама наведалі МЗС, дзе павіншавалі з Днём канстытуцыі прэсавага сакратара Паўла Латушку, і пракуратуру Беларусі, дзе хацелі сустрэцца з генэральным пракурорам Беларусі Віктарам Шэйманам і нагадаць яму пра неабходнасьць выкананьня канстытуцыі. Шэйман да ўдзельнікаў акцыі ня выйшаў.

У другой палове дня сябры Маладога Фронту перадалі ўлётку “Канстытуцыя 2001” у МУС ды іншыя дзяржаўныя ўстановы.

Затрыманых маладафронтаўцаў выпусьцілі з пастарунку прыкладна праз дзьве гадзіны. Іхныя справы хутчэй за ўсё будуць перададзеныя ў суд.

Сёньня з Днём канстытуцыі беларусаў адмысловым зваротам павіншаваў прэзыдыюм Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG