Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІЦЕБСКІ КАВАЛАК МЯЖЫ З РАСЕЯЙ НЕ АБАРОНЕНЫ АД ЯШЧУРА


Браніслава Станкевіч, Віцебск

У той час, як шматлікія краіны абмяжоўваюць увоз замежнага мяса на свае рынкі, на віцебскіх харчовых рынках сёньня шырока прадстаўленыя імпартаваныя мясныя прадукты. У якасьці краінаў-вытворцаў называюцца Польшча, Нямеччына, Францыя ды Галяндыя.

Як запэўніў карэспандэнта Радыё Свабода дырэктар віцебскага Смаленскага рынку, на гарадзкіх рынках у Віцебску дазволена прадаваць толькі імпартнае мяса птушак (а яны, як вядома, на яшчур не хварэюць), а чырвонае мяса прадаецца толькі мясцовай гадоўлі, якое пільна правяраюць адпаведныя санітарныя службы.

Дарэчы, ні для рынкавага, ні для гарадзкога крамнага гандлю адмысловая праверка мяса на яшчур не праводзіцца. Пра гэта паведамілі ў віцебскім гарадзкім Цэнтры гігіены і эпідэміялёгіі.
А лекар гарадзкой станцыі па барацьбе з хваробамі жывёлы, які не пажадаў назваць сваё імя, катэгарычна зазначыў, што галоўную небясьпеку ўяўляе сабой сёньня мяса, што завезенае з-за расейскае мяжы. Раней, паводле ягоных словаў, на той мяжы былі абсталяваныя адмысловыя пункты санітарна-гігіенічнага кантролю. Цяпер іх скасавалі і праз празрыстую мяжу можна завезьці любую інфэкцыю.

Што ж да яшчуру, дык Віцебшчыну гэтым ня зьдзівіш. Паводле словаў майго суразмоўцы, апошні ачаг эпідэміі яшчуру ў вобласьці быў ліквідаваны ня так даўно – у 1974 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG