6 сакавіка скончыўся візыт у Беларусь дэлегацыі парлямэнцкай “тройкі”, у якую ўваходзілі прадстаўнікі АБСЭ, Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы і Эўрапарлямэнту. Сярод 14 сяброў дэлегацыі была і сябра Эўрапарлямэнту Элізабэт Шроэтдэр, якая уваходзіць у склад парлямэнцкай камісіі стасункаў з Украінай, Беларусьсю і Малдовай.
Элізабэт Шроэдтэр згадзілася падзяліцца сваімі ўражаньнямі пра вынікі працы дэлегацыі ў Менску з нашымі радыёслухачамі. Вось што яна расказала пра тыя зьмены, якія яна заўважыла ў Беларусі за апошні час:
(Шроэдтэр: ) “Сытуацыя ў галіне правоў чалавека па-ранейшаму характарызуецца падаўленьнем дэмакратычных сілаў, але зьявілася і надзея. Гэта посьпех у арганізацыі інстытуту мясцовых назіральнікаў, які быў створаны з дапамогай ЭЗ, каб дапамагчы ў правядзеньні парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў. Гэта вельмі пасьпяховы працэс, які мы зьбіраемся падтрымліваць надалей. Гэта стварэньне падставаў дэмакратыі”.
На пытаньне, ці прадстаўнікі ўлады выказвалі жаданьне выконваць чатыры вядомыя ўмовы правядзеньня дэмакратычных выбараў, сябра Эўрапарлямэнту Элізабэт Шроэдтэр адказала:
(Шроэдтэр: ) “На жаль, не. Я толькі ведаю, што беларускае міністэрства замежных справаў запрапанавала дыялёг у гэтай справе. Але цяпер мы маем сытуацыю, як і напярэдадні парлямэнцкіх выбараў. Іншымі словамі: ніякага паляпшэньня”.
Дэлегацыя парлямэнцкай “тройкі” ў Менску сустэлася з трыма патэнцыяльнымі кандыдатамі на пасаду прэзыдэнта Беларусі: Уладзімерам Ганчарыкам, Сямёнам Домашам, Паўлам Казлоўскім і Міхаілам Чыгіром. Ці засталося ў сяброў дэлегацыі пасьля гэтай сустрэчы ўражаньне, што гэтыя людзі здольныя высунуць адзінага кандыдата і такім чынам нанесьці паразу Аляксандру Лукашэнку? Сябра Эўрапарлямэнту Элізабэт Шроэдтэр адказвае:
(Шроэдтэр: ) “Яны ведаюць, што ў іх няма іншага выйсьця, як толькі высунуць супольнага кандыдата. Мы абмяркоўвалі зь імі гэтую праблему, і я думаю, што ў рэшце рэшт апазыцыя высуне адзінага кандыдата”.
Дэлегацыя парлямэнцкай “тройкі”, якая прадстаўляе Эўропу, выступае за дыялёг як з апазыцыяй , так і з афіцыйнымі ўладамі Беларусі. Але ці падзяляе падобную пазыцыю дыпляматыя ЗША? Можа ЗША маюць іншы погляд на сытуацыю ў Беларусі? Элізабэт Шроэдтэр, сябра дэлегацыі парлямэнцкай “тройкі”, якая толькі што скончыла свой візыт у Беларусь, камэнтуе:
(Шроэдтэр: ) “Магчыма такое ўражаньне магло скласьціся напярэдадні парлямэнцкіх выбараў, але цяпер, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, мы скаардынавалі нашыя пазыцыі і цяпер выступаем супольна ва ўсіх пытаньнях. Мы мелі сустрэчу падчас гэтага візыту з амэрыканскімі дыплямэтамі і абмеркавалі ўсе праблемы. Цяпер я магу з упэўненасьцю сказаць, што ў нас няма ніякіх супярэчнасьцяў. Мы выступаем з супольный узгодненай пазыцыяй”.
Беларускія ўлады цяпер робяць усё магчымае, каб зрабіць уражаньне, што ў Беларусі будуць праведзеныя дэмакратычныя прэзыдэнцкія выбары. Калі б ім удалося пераканаць у гэтым міжнародныя арганізацыі, ці ёсьць шанец, што ў якасьці легітымнай будзе прызнаная “Палата прадстаўнікоў” Нацыянальнага сходу? Сябра Эўрапарлямэнту Элізабэт Шроэдтэр адказвае:
(Шроэдтэр: ) “Гэта тры асобныя пытаньні. Па-першае, мы ўжо раней заяўлялі, што мы канчаткова выкажам нашую думку адносна легітымнасьці гэтага парлямэнту пасьля заканчэньня дадатковых выбараў, якія распачаліся цяпер. Мы таксама прааналізуем дзейнасьць самога парлямэнту і паглядзім, ці ён сапраўды выконвае свае абавязкі ў галіне кіраваньня краінай. І тады мы прызнаем новы парлямэнт, чаму не. І па-другое, калі прэзыдэнцкія выбары адбудуцца ў рамках тых 4-х умоваў, якія мы паставілі, калі прэзыдэнцкія выбары адбудуцца ў дэмакратычных варунках, мы зможам прызнаць легітымным і будучага прэзыдэнта краіны. Але сёньня такая пэрспэктыва вельмі далёкая. Усё залежыць ад беларускіх уладаў і ад самога беларускага народу”.