Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ СПРЫЧЫНІЎСЯ МІХАІЛ ГАРБАЧОЎ ДА АДНАЎЛЕНЬНЯ БЕЛАРУСКАЙ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ?


Сяргей Навумчык, Прага

(Навумчык: ) “Калі ў 85 годзе Гарбачоў заняў пасаду Генэральнага сакратара ЦК КПСС, ён быў больш як на 20 гадоў маладзейшы за сайго папярэдніка Чарненку. Гэта былі часы, калі на чале Савецкага Саюзу былі асобы, чыя палітычная кар’ера фармавалася яшчэ пры Сталіне. Прыход новага лідэра з надзеяй быў успрыняты як партыйнай элітай, так і народам.

Першымі крокамі новага лідэра была галоснасьць – у часопісах і газэтах, праўда, пераважна маскоўскіх, пачало зьяўляцца тое, што раней выходзіла ў самвыдаце. Станіслаў Шушкевіч пацьвярджае, што гэта выклікала асаблівую сымпатыю у інтэлігенцыі.

(Шушкевіч: ) “Я некалі павесіў партрэт Гарбачова ў сябе на катэдры. Я ніколі ніякіх партрэтаў ня вешаў, але мне тады здавалася, што за цуд такі, што ўрэшце ёсьць такі палітык. Я вельмі пакрыўдзіўся на Гарбачова пасьля Чарнобыля, калі на пачатку траўня 1986 году ён выступаў і, фактычна, заспакойваў усіх, што, маўляў, нічога, што там нічога страшнага. А я, як прафэсіянал, ужо тады разумеў, што адбылося, бо мы рабілі замеры. Адбыўся ядзерны выбух”.

Прыгадваве Васіль Быкаў:

(Быкаў: ) “Памятаю, як незабыўны Алесь Адамовіч паехаў у Маскву, каб давесьці Гарбачову праўду пра тое, што сапраўды здарылася ў Беларусі, пятая частка якой апынулася пад радыенуклідамі. Вядома ж, пра тое яму не дакладвалі ні навукоўцы, ні беларускае кіраўніцтва, якое поўнілася аптымізмам кшталту таго, што савецкаму чалавеку атам ня страшны. У бясьпецы атаму ўсё ж давялося ўсумніцца генсеку Гарбачову і пераканаць у тым беларускіх гаўляйтараў, якія ўзьненавідзілі разам з Гарбачовым таксама і Адамовіча. Першага – за тое, што парушыў партыйную субардынацыю, а другога – за тое, што выскачыў наперад тагачаснага беларускага “бацькі” Яфрэма Сакалова”.

(Навумчык: ) “Нагадаю, што на мяжы 1980-1990 гадоў Яфрэм Сакалоў быў першым сакратаром ЦК КПБ.

У 90 годзе як дэпутат Вярхлоўнага Савету 12-га скліканьня я быў абраны ў адмысловую парлямэнцкую камісію ў справе расьсьледаваньня дзеяньняў службовых асобаў, вінаватых ва ўтойваньні інфармацыі пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС.
Менавіта ў якасьці сябра гэтай Камісіі мне і давялося першы раз сустрэцца з Гарбачовым падчас ягонага візыту ў Менск у лютым 91-га. Гутаркі з акадэмікамі, міністрамі і генэраламі пераканалі, што рашэньне прыхаваць праўду прымалася на самым версе – у Палітбюро. Узьнікла патрэба сустрэцца з генсекам – і, як ні дзіўна, Гарбачоў спачатку пагадзіўся на такое спатканьне.

У Доме ўраду я прыйшоў у прыёмную Дземянцея і пакуль раздумваў, зь якога пытаньня пачаць, нечакана зразумеў, што чалавек, які побач апранае паліто – гэта і ёсьць Гарбачоў. Зблізу ён быў зусім непадобны на свой тэлевізыйны вобраз – зьдзівілі ягоны невялікі рост і надзвычай шпаркія, энэргічныя рухі; наогул, ён нагадаў мне папулярнага французкага камэдыянта Люі-дэ-Фінэса.

У Гарбачова, аднак, быў магнэтычны позірк, ды й наогул ён аказаўся чалавекам абаяльным – ні пра воднага партыйнага дзеяча ў нашым парлямэнце я такога сказаць ня мог. Гарбачоў прапанаваў перанесьці гутарку ў Акадэмію Навук, дзе праз колькі хвілінаў павінна была адбыцца ягоная сустрэча з так званым грамадзкім і партыйным актывам. Ні да, ні пасьля гэтага мне не даводзілася езьдзіць па Менску з такой шалёнай хуткасьцю – ад дома ўраду да будынку Акадэміі картэж даехаў за дзьве хвіліны. Гутаркай, праўда, я быў расчараваны – Міхаіл Сяргеевіч казаў нешта няўцямнае, кшталту таго, што ў праблеме Чарнобылю было шмат незразумелага, вось, маўляў, і цяпер навукоўцы няздольныя разабрацца.

Але яшчэ большае расчаравала прамова Гарбачова, якую гісторыкі цяпер называюць этапнай, – генсек рэзка крытыкаваў Міжрэгіянальную дэпутацкую групу, “сэпаратысцкія тэндэнцыі” і, дарэчы, менавіта тады ён упершыню ужыў выраз “так званыя дэмакраты”. Гарбачоўскія ахоўнікі пасадзілі мяне на адзінае вольнае месца ў першым шэрагу, у трох мэтрах ад трыбуны, да таго ж ў залі я быў адзіным чалавекам з бел-чырвона-белым значком, – магчыма, таму ў асабліва патэтычныя моманты сваёй прамовы Гарбачоў паказваў ня мяне пальцам, а телекамэры фіксавалі гэтыя эпізоды. Справа сядзеў намесьнік міністра ўнутраных справаў генэрал Канстантын Платонаў, і спачатку ў кадр бралі яго, ну але потым апэратары зарыентаваліся правільна. Увечары я даведаўся ад жонкі, што цешча тэлефанавала кожныя пяць хвілінаў – ці дайду дахаты? І сапраўды – у іншыя часы і пры іншых генсеках з падобных мерапрыемстваў апазыцыянэры звычайна вярталіся ў іншыя сьцены. Гарбачоў быў першым, хто хаця і крытыкаваў апанэнтаў – але ўтрымаўся ад рэпрэсіяў.

Тым ня менш, ён, як лічыць Станіслаў Шушкевіч, ўвесь час знаходжаньня на пасадзе Генсэка Гарбачоў трымаўся марксісцка-ленінскай ідыялёгіі.

(Шушкевіч: ) “Калі ён шукаў адказы на ўсе пытаньні ў ленінскай спадчыне – гэта па тэлебачаньні даволі часта паказвалі, ён там перагортваў томік Леніна, і ўсё там шукаў адказы на пытаньні сучаснасьці, – я крышку іранічна да гэтага ставіўся”.

(Навумчык: ) “Магчыма, гэтая марксысцкая ідэалёгія дыктавала Гарбачову і стыль кіраўніцтва – які, часам, здаваўся архаічным нават тым, хто ў тыя часы і сам не аспрэчваў гэтую ідэалёгі. Прыгадвае Георгі Таразевіч, які ў 1991 годзе быў старшынём Камісіі ў справе міжнацыянальных адносінаў Вярхоўнага Савету СССР.

(Таразевіч: ) “Яго абіраюць Прэзыдэнтам. Уносяцца зьмены ў Канстытуцыю. Ствараецца прэзыдэнцкі савет. Вырашаецца, што рашэньні будуць прымацца кансэнсусам. Я іду да яго і кажу: з гатага нічога не атрымаецца. Вось, скажам, Ніязаў галасуе “супраць” – і рашэньня няма. Ён мне гаворыць: “А чаму ж у нас у Палітбюро ўсё было аднагалосна?” Ну, што тут я мог сказаць? Прэзыдэнцкі савет – не Палітбюро…”


(Навумчык: ) “Цікава, што і пасьля путчу 91-га году, калі КПСС была забароненая, Гарбачоў прытрымліваўся ранейшага стылю кіраўніцтва ўжо з новымі лідэрамі рэспублік, што пацьвярджае і Станіслаў Шушкевіч”.

(Шушкевіч: ) “Калі мы прыяжджалі на Дзяржсавет, і Гарбачоў прыходзіў з праектам нейкага рашэньня, дык былі толькі два варыянты: альбо прымалася рашэньне Гарбачова, альбо ніякага рашэньня не прымалася, таму што ён фактычна быў выхаваны па-камуністычнаму, і не цярпеў заўвагаў у пляне дзяржаўнай палітыкі ў СССР”.

(Навумчык: ) “Сёньня адны лічаць, што Гарбачоў вінаваты ў спробах сілай стрымаць распад СССР, другія закідаюць яму тое, што ён, наадварот быў ў гэтым памкненьні нерашучы.

Гарбачоў, бяспрэчна, ня быў прыхільнікам незалежнасьці былых савецкіх рэспублікаў. І ўсё ж задамося пытаньнем – якая ягоная роля ў аднаўленьні беларускай дзяржаўнасьці? Спачатку – пра ягонае стаўленьне да Беларусі. Распавядае Георгі Таразевіч.

(Таразевіч) “Прыяжджаеш у Маскву, у Крэмль, калі “шэф” дома – гэта значыць, у Крамлі, – не праблема была сустрэцца. Але я ведаю. Што кіраўнікі некаторых іншых рэспублік не маглі…”

(Навумчык: ) “А чым патлумачыць такое стаўленьне Гарбачова да Беларусі, як Вы лічаце?”

(Таразевіч: ) “Тым жа, чым і цяпер. Беларусь лічыцца стратэгічным накірункам, стратэгічнай тэрыторыяй”.

(Навумчык: ) “У 1988 годзе, калі атыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва “Курапаты – дарога сьмерці” распачаў працэс нацыянальнага абуджэньня, калі ўтварыўся Народны Фронт, а мітынг на Дзяды ля менскіх Усходніх могілак быў разагнаны міліцэйскімі дубінкамі – кіраўніцтва ЦК КПБ паставіла сабе на мэце захаваць Беларусь у якасьці запаведніка сацыялізму і вельмі спадзявалася ў гэтым на падтрымку Генэральнага сакратара. Прыгадвае Васіль Быкаў”.

(Быкаў : ) “ Міхаіл Гарбачоў на нарадзе з творчай інтэлігенцыяй у ЦК КПСС запатрабаваў ад мяне распавесьці, што на самай справе адбылося ў Менску на славутыя “Дзяды”? Выслухаўшы мой аповяд, Гарбачоў выказаў недавер і зьдзіўленьне пазыцыяй Яфрэма Сакалова, які ўжо рыхтаваўся атрымаць чарговую зорку “Героя” за надта псьпяховую апэрацыю па падаўленьні прошукаў нацыяналістаў і ЦРУ. Пасьля ў мяне было яшчэ некалькі сустрэчаў і канфэдынцыйных гутарак з Гарбачовым на гэтую ж тэму. Гутарак, дзе ён, у прынцыпе, падтрымліваў беларускую дэмакратыю супраць жорсткага рэакцыйнага дубаломнага партыйнага кіраўніцтва Беларусі”.

(Навумчык: ) “Канешне, той давер, якім карысталіся ў Гарабачова Васіль Быкаў і Алесь Адамовіч, нэрвавалі менскую партыйную эліту і прымушалі яе шукаць падтрымкі ў кансэрватыўных асобаў, якіх у гарбачоўскім Палітбюро хапала”.

(Быкаў: ) “Калі на зьездзе народных дэпутатаў СССР ствараўся Вярхоўны Савет, і якраз ад Беларусі выбралі мяне таксама ў гэты Вярхоўны Савет, але я на першым жа паседжаньні старэйшынаў зрабіў самаадвод, і тады на перапынку да мяне падыйшоў Гарбачоў і пытаўся, чаму я не хачу быць дэпутатам Вярхоўнага Савету СССР. Ну і таксама зайшла гаворка пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Але, на жаль, у гэтым антракце не давялося нам паразмаўляць, бо адразу насунуліся на нас чужыя непатрэбныя вушы збоку, і ён спыніў сваю размову. Хаця гэтая гаворка, я думаю, была б вельмі карысная і для яго, і для мяне таксама”.

(Навумчык: ) “Васіль Быкаў ўзгадаў пра падтрымку Гарбачова дэмакратычнага працэсу ў Беларусі. Аднак наўрад ці Генэральны Сакратар ЦК і прэзыдэнт СССР мог пагадзіцца з тым, што дэмакратыя гэтая будзе стымуляваць сувэрэнізацыю самай, здавалася, прарасейскай савецкай рэспублікі. Станіслаў Шушкевіч, які ў якасьці старшыні Вярхоўнага Савету навастворанай Рэспублікі Беларусь падпісаў гістарычныя Белавескія пагадньнені, мае адназначны адказ на пытаньне – дзякуючы ці насуперак жаданьню Гарбачова Беларусь атрымала незалежнасьць”.

(Шушкевіч: ) “Я мяркую, што – катэгарычна насуперак! Ён пасьля вельмі шкадаваў, што Савецкі Саюз разваліўся. Хаця разваліў, у значнай ступені, яго ён, таму што ён фактычна нічога не рабіў, каб існавала такая дзяржава на новых прынцыпах аб’яднаньня, на новых, на дэмакратычных, а ён, фактычна, хацеў зрабіць “сацыялізм з чалавечым тварам”, як ён тады казаў – гэта, фактычна, замяніць сабой Палітбюро, і праводзіць нейкую больш лагодную палітыку. А дэмакрытыя – гэта зусім ня тое. Трэба ўлічваць іншыя думкі, іншыя падыходы”.

(Навумчык: ) “Гарбачоў і сёньня пастаянна выказвае настальгію па Савецкім Саюзе і падтрымлівае Аляксандру Лукашэнку менавіта як прыхільніка інтэграцыі – што, зрэшты, псыхалягічна і палітычна вытлумачальна для былога прэзыдэнта СССР. Цяжэй патлумачыць падтрымку дыктатару, які ў дачыненьні да апазыцыі абраў тактыку судоў, турмаў, запалохваньняў ды бясьследных зьнікненьняў – з боку лаўрэата нобелеўскагай прэміі міру. І гэта – яшчэ адна супярэчнасьць асобы Гарбачова.

Тым ня менш, на Захадзе Горбі мае ўстойлівы аўтарытэт і папулярнасьць, зь якой, як я пераканаўся, могуць канкураваць хіба толькі галівудзкскія зоркі. Апошні раз я бачыў Гарбачова ў Нью-Ёрку, у першы год эміграцыі – па Пятай авеню ў кнігарні “Барнет энд Нобл” ён падпісваў толькі што выдадзеную кнігу мэмуараў. Чарга за аўтографам расьцягнулася на пяць кварталаў”.

(Быкаў: ) “На дэмакратычным Захадзе Гарбачова любяць нязьмерна больш, чым на постсавецкім усходзе. І гэта зразумела. Там наступствы гарбачоўскай палітыкі выніковыя і адназначныя. Міхаіл Гарбачоў – чалавек Захаду. Гэта значыць – будучыні. Хоць, як гэта нярэдка здараецца ў гісторыі, ягоная дзейнасьць ужо цалкам адыйшла ў мінулае. Што ж, мабыць, ён не пасьпеў за часам, даганяць які дадзена ягоным наступнікам, якія павінныя быць шчасьлівейшыя, а галоўнае – болей удачлівыя за свайго ініцыятыўнага папярэдніка”.

(Навумчык: ) “Сёньня можна шмат казаць пра тое, якія магчымасьці не скарыстаў Гарбачоў. Аднак паспрабуем ўявіць, што, прыйшоўшы да ўлады ў 85 годзе, Гарбачоў пажадаў бы абмежавацца мінімальнымі зьменамі – напрыклад, па мадэлі Дэн Сяо Піна. Улічым, што да паслугаў генсека былі апарат КГБ і адно з самых магутных войскаў сьвету. Зусім магчыма, савецкая імпэрыя існавала б і да гэтага часу, падобная на сёньняшні Кітай, дзе эканамічныя рэформы не скасавалі камуністычную ідэалёгію, а партыйныя ідэолягі зацьвярджаюць Далай-Ламаў на пасаду ў Тыбеце, дзе забароненае само слова “сувэрэнітэт”.

У гісторыі ХХ стагодзьдзя Міхаіл Гарбачоў застаецца тым, кім ён і быў: аддадзеным камуністычнай ідэалёгіі партыйным функцыянэрам, які здолеў ўзьняцца на вяршыню таталітарнай ўлады, і рэфарматарам, пры якім гэты таталітарызм сканаў.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG