Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВАРШАЎСКІ СУД АДКЛАЎ ЭКСТРАДЫЦЫЮ ЛЕАНІДА ВОЎКА


Альгерд Невяроўскі, Менск

Апэляцыйны суд у Варшаве вырашыў пакінуць былога грамадзяніна Беларусі Леаніда Воўка ў экстрадыцыйнай турме да 4 красавіка, нягледзячы на хадайніцтвы адвакатаў выпусьціць яго на волю.

Прычына — беларускі бок не пасьпеў даслаць у Варшаву ўсіх неабходных дакумэнтаў, якія пацьвярджалі б факты злачыннай дзейнасьці бізнэсоўца.

Беларускія ўлады спачатку гаварылі, што Леанід Воўк павінны выплаціць дзяржаве 2 мільёны 300 тысячаў даляраў, цяпер размова ідзе ўжо больш як пра 5 мільёнаў. Сюды залічылі невяртаньне часткі крэдыту, выданага Белзьнешэканомбанкам, схаваньне прыбыткаў і нявыплату падаткаў фірмай Леаніда Воўка "Мэцінком", якая займалася прамысловай здабычай золата ў Сібіры.

Але, паводле адваката Леаніда Воўка Антонія Шымкуча, усе гэтыя абвінавачаньні не пацьвярджаюцца ніякімі рэальнымі доказамі. Гаворыць Антоні Шымкуч:

(Шымкуч: ) "Ведаеце, гэта вельмі несур'ёзна. Калі вядзецца сьледзтва, у вышуковым лісьце называецца сума 2 мільёны 300 тысячаў. Гэта абстрактная лічба, нічым не пацьверджаная.

Цяпер дасылаюць арыгіналы дакумэнтаў — зьяўляюцца нейкія чарговыя нерэальныя сумы, гэта цалкам не адпавядае сапраўднасьці. На маю думку, гэта ёсьць праявай непавагі да польскага суду з боку абвінаваўцаў ва ўсёй гэтай справе".

Сп. Шымкуч лічыць, што ягонага кліента беларускія ўлады перасьледуюць паводле палітычных матываў і спадзяецца, што Польшча ня выдасьць Леаніда Воўка.

Адвакат таксама падтрымаў нядаўні зварот аргкамітэту Саюзу беларускіх палітычных уцекачоў у Польшчы, сябры якога заклікаюць польскія ўлады перагледзець пагадненьне аб прававой дапамозе зь Беларусьсю. Сёньняшняе рашэньньне суду адвакаты спадара Воўка абскардзяць у пракуратуры.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG