Сталічныя гандляры сёньня падтрымалі заклік Страйкавага камітэту правесьці аднадзённую акцыю пратэсту. Вось што паведаміў нашаму радыё лідэр прафсаюзнай суполкі прадпрымальнікаў найбольшага ў краіне рынку "Ждановічы" Анатоль Шумчанка:
(Шумчанка: ) "Рэчавы рынак цалкам ня выйшаў на працу. Рэч у тым, што на "Ждановічах" прадпрымальніцтва зрабілася нявыгаднай і рызыкоўнай справай.
Дзяржава праводзіць такую эканамічную палітыку, каб прыбыткі прадпрымальнікаў ад гандлю на рынках пакласьці сабе ў кішэню. У нас падвысіліся як фіксаваныя стаўкі падаткаў, гэтак і арэндныя выплаты.
Людзі ў адчаі, яны даведзеныя да такога стану, што яны гатовыя ісьці на больш жорсткія захады", — зазначыў Анатоль Шумчанка.
У Менску ня выйшлі сёньня на працу й прадпрымальнікі другога па велічыні рынку — "Дынама". У 4 000 гандляроў, паводле словаў прафсаюзнага лідэра гэтага рынку Ігара Намочанкі, тыя самыя праблемы, што і ў іншых.
Фінансавы ўціск з боку уладаў паўплываў і на тое, што акцыю падтрымалі й гандляры меншых сталічных рынкаў. Пратэст мае й прэвэнтыўныя мэты. Дзяржаўны падатковы камітэт абвесьціў пра намер падвысіць неўзабаве на 30% падатак для дробнага бізнэсу, каб зьменшыць бюджэтны дэфіцыт. Гэты тычыцца ўсіх гандляроў.
Тым ня менш, сёньняшняя акцыя пратэсту, паводле папярэдніх зьвестак, не была агульнабеларускай. Частка прадпрымальнікаў, найперш у рэгіёнах, праігнаравала ініцыятыву Страйкавага камітэту. Чаму?
Вось што на гэтае пытаньне адказаў намесьнік старшыні Страйкаму Леанід Каліценя:
(Каліценя: ) "Гэты страйк — першы, які ладзіцца выключна сіламі Страйкаму, без падтрымкі Свабоднага прафсаюзу. У нас паўсталі сур'ёзныя разыходжаньні з кіраўніцтвам менскай рэгіянальнай арганізацыі гэтага прафсаюзу.
Кіраўнікі Свабоднага прафсаюзу адмовіліся ад падтрымкі сёньняшняга страйку і ня выключана, што ў некаторых рэгіёнах яны паспрабуюць яе байкатаваць", — заявіў Леанід Каліценя.
Лідэры прадпрымальніцкіх суполак Свабоднага прафсаюзу насамрэч пацьвердзілі свой няўдзел у акцыі. У прыватнасьці, старшыня менскай рэгіянальнай арганізацыі гэтага прафсаюзу Сяргей Бычкоўскі патлумачыў наступнае:
(Бычкоўскі: ) "Аднадзённыя акцыі з выплатай падаткаў, арэнднай платы за месцы на рынках — гэта неэфэктыўныя мерапрыемствы. Такі страйк мае папулісцкі характар і тлумачыцца палітычнымі мэтамі.
Гэтая акцыя ўвасабляе пазыцыю аднаго чалавека, пад якую дзіўным чынам падганяюцца праблемы прадпрымальнікаў", — мяркуе Сяргей Бычкоўскі.
Гэтым “адным чалавекам”, каму спатрэбілася сёньняшняя акцыя, паводле тлумачэньня прадстаўнікоў Свабоднага прафсаюзу, ёсьць старшыня Страйкаму Валеры Леванеўскі, які мае намер балятавацца на прэзыдэнта Беларусі.