Напярэдадні падзеі на сайце Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША зьявіўся арыткул, прысьвечаны 25-й гадавіне выхаду першага даклада.
У артыкуле, падрыхтаваным у офісе міжнародных інфармацыйных праграмаў Дзяржаўнага дэпартамэнту, адзначаецца, што не заўсёды няўрадавыя праваабарончыя арганізацыі цалкам згодныя з высновамі, што да паасобных краінаў. Але гэтая крытыка тычыцца галоўным чынам не аб’ектыўнасьці самога дакладу, але ступені ўплыву гэтага дакумэнту на зьнешнюю палітыку ЗША.
Вось, напрыклад, думка, якую выказаў у інтэрвію Радыё Свабода выканаўчы дырэктар міжнароднай праваабарончай аргангізацыі Human Rights Watch Кенэт Раф наконт практыкі дакладаў ЗША аб правох чалавека.
(Раф: ) “Гэта ня ёсьць навязваньнем замежных каштоўнасьцяў, гэта ёсьць распаўсюджаньнем міжнародных каштоўнасьцяў. Гэта ня ёсьць умяшаньнем ва ўнутраныя справы – як некалі сьцвярджаў Савецкі Саюз. Наадварот, кожны ўрад, які падпісаў міжнародныя пагадненьні ў галіне правоў чалавека, мусіць быць адкрытым для міжнароднага назіраньня за прыктыкай датрыманьня правоў чалавека”.
Аўтар артыкулу на сайце usinfo. state. gov Дэвід Пітс нагадвае, што прынцып правоў чалавека быў замацаваны ў Статуце ААН. А ў 1948 годзе была прынятая Ўсеагульная Дэклярацыя правоў чалавека.
Пасьля Другой усясьветнай вайны Нюрнбэргскі працэс стварыў прэцэдэнт, паводле якога парушальнікаў правоў чалавека ва ўсім сьвеце трэба судзіць, пры гэтым патрэбныя дакладныя і ясныя мэханізмы пакараньня вінававатых.
У сярэдзіне 70-х гадоў урад ЗША прыйшоў да думкі аб неабходнасьці ў афіцыйнай форме замацаваць прынцып правоў чалавека ў зьнешняй палітыцы. У 1976 годзе Кангрэс прыняў папраўку да Закону аб замежнай дапамозе, дзе гаварылася, што дзяржаўны сакратар ЗША мусіць штогод перадаваць у Кангрэс “поўны і вычарпальны даклад адносна датрыманьня міжнародна прызнаных правоў чалавека ў кожнай краіне, куды мяркуецца накіраваць амэрыканскую дапамогу.”
Пры прэзыдэнце Джымі Картэры была створаная адмысловая пасада каардынатара ў справе правоў чалавека і гуманітарных пытаньняў. Потым яго статус быў узьняты да ўзроўню памочніка дзяржаўнага сакратара ў пытаньнях дэмакратыі, правоў чалавека і працы. Першы даклад, падрыхтаваны ў гэтай справе новым офісам, быў прадастаўлены сэнатару Губэрту Гамфры ў 1976-м годзе. Даклад ахопліваў тады 82 краіны.
Даклад за мінулы год ахоплівае ўжо 194 краіны.
Падрыхтоўка дакладу вядзецца пры падтрымцы амбасадаў ЗША ва ўсім сьвеце. Першы даклад, які выйшаў чвэрць стагодзьдзя таму, ня выклікаў надта вялікага зацікаўленьня ў сьвеце. Сёньня ж ён фігуруе сярод зьнешнепалітычных дакумэнтаў, якія карыстаюцца найбольшым попытам.
Чвэрць стагодзьдзя таму быў сфармуляваны асноўны фармат дакладу: у ім зьмяшчаюцца зьвесткі аб тым, ці забясьпечваецца недатыкальнасьць асобы, грамадзянскія і палітычныя свабоды, а таксама аб пазыцыі ўрадаў у галіне правоў чалавека.
У 80-м годзе быў дададзены разьдзел аб зьніклых бязь вестак.
Імёны Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара ды іншых зьніклых беларускіх грамадзянаў згадваліся ў папярэдніх дакладах дзярждэпартамэнту. Пра іх лёс, які застаецца нявысьветленым, будзе сказана і ў новым дакладзе.
Мы зьвярнуліся да міжнароднага каардынатара праваабарончай ініцыятывы Хартыя-97 Андрэя Саньнікава з просьбай выказаць сваю ацэнку сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, а таксама ролі штогадовых дакладаў ЗША ў гэтай галіне.
(Саньнікаў: ) “Зьмены адбыліся ў бок узмацненьня нэгатыўных тэндэнцыяў. Была замацаваная, калі можна так сказаць, тэндэнцыя зьнікненьня людзей – я кажу аб справе Зьмітра Завадзкага. Гэта вельмі небясьпечная зьява, таму што мы ня маем ніякай інфармацыі аб папярэдніх зьнікненьнях людзей.
Яшчэ сытуацыя пагоршылася таму, што зараз відавочна: улады імкнуцца ўзьдзейнічаць ня толькі на актыўных апазыцыянэраў, але і на іхныя сем’і – на блізкіх, дзяцей. Я маю на ўвазе ня толькі Чыгіра, але таксама такія справы, як справа вядомага праваабаронцы Сяргея Абадоўскага. Ягоны сын Зьміцер Абадоўскі зараз знаходзіцца ў турме, і мы ведаем, што там адбываецца.
Я лічу, што Злучаныя Штаты Амэрыкі найбольш пасьлядоўна надаюць увагу правам чалавека ў Беларусі. ЗША – адна з тых краінаў, якая заўсёды ўздымае гэтае пытаньне. Можна прыгадаць тыя рэзлюцыі, якія былі прынятыя Кангрэсам. Там шмат увагі надаецца менавіта становішчу з правамі чалавека ў Беларусі.
Ну, а калі ёсьць крытыка – дык нельга казаць, што нейкая краіна ці міжнародная арганізацыя можа вычарпаць тэму парушэньня правоў чалавека. Калі правы парушаюцца, заўсёды будзе недастаткова інфармацыі і ацэнкі гэтай інфармацыі альбо публічных заяваў”.
Гэта было меркаваньне Андрэя Саньнікава.
Адразу па выхадзе дакладу Дзярждэпартамэнту ЗША ў галіне правоў чалавека за 2000-ы год мы пазнаёмім нашых слухачоў са зьместам гэтага дакумэнту.