Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЫТУАЦЫЯ НА МЯЖЫ КОСАВА І ПАЎДНЁВАЙ СЭРБІІ АБВАСТРЫЛАСЯ


Віталь Тарас, Прага

Тым часам, у Сэрбіі працягваецца распазнаньне целаў пасажыраў, што загінулі ў выніку выбуху аўтобусу ў пятніцу –таксама на мяжы з Косаўскім краем. Аб прычынах і наступствах гэтых акцыяў піша сёньня заходні друк.

Паўтары тысячы сэрбаў у мястэчку Грачаніца паблізу сталіцы Косава Прышціны запалілі сьвечкі ў знак жалобы па ахвярах тэрарыстычнага акту, а потым прайшлі маршам пратэсту пад гукі сырэнаў паветранай трывогі. Сэрбы пратэставалі супраць пастаянных нападаў на іх абшчыну з боку альбанцаў Косава.

Марш адбыўся адразу па сустрэчы лідэраў сэрбскай абшчыны з генэралам брытанскай брыгады міратворцаў Робэртам Флакам. Падчас сустрэчы ён заявіў наступнае.

(Флак: ) “Я думаю, што сытуацыя палягае ў балянсе паміж цалкам законнай і зразумелай трывогай тутэйшай абшчыны і неабходнасьцю для мяне зрабіць усё адпаведна закону без саступак якому-небудзь з бакоў.”

Выбух аўтобусу, а таксама гібель трох паліцыянтаў непадалёк мяжы Паўднёвай Сэрбіі з Косавам яшчэ больш напалілі без таго напружаную сытуацыю ў рэгіёне.

Як піша сёньня Washington Post, у выніку выбуху ў пятніцу загінулі прынамсі 8 пасажыраў аўтобусу, якія накіроўваліся ў Косава, на магілы сваіх блізкіх. Прычым выбух быў такі моцны, што парэшткі некаторых ахвяраў былі раскіданыя на вялікую адлегласьць, і іхныя целы дагэтуль не ўдаецца распазнаць.

Прадстаўнікі ААН кажуць, што з улікам сямі чалавек, якія зьніклі бязь вестак, колькасьць забітых пасажыраў можа дасягнуць 15. Дзясяткі параненых былі зьмешчаныя ў шпіталь.

Кіраўніцтва Югаславіі, улучна з прэзыдэнтам Ваіславам Каштуніцам, ўчора ўвечары сабралася на экстрэнную нараду, каб абмеркаваць абвастрэньне сытуацыю ў Косаве і Паўднёвай Сэрбіі.

Газэта Wall Street Journal in Europe паведамляе, што ў заяве адміністрацыі прэзыдэнта Каштуніцы гаворыцца аб прыняцьці “шэрагу захадаў супраць тэрарызму” ў гэтым рэгіёне. Югаславія таксама скрытыкавала натаўскіх міратворцаў у Косаве і заклікала іх неадкладна пакласьці канец дзеяньням партызанаў у буфернай зоне.

Гібель пасажыраў аўтобусу сталася новым масавым актам расправы над мірнымі сэрбамі пасьля верасьня 99 году, калі аўтаматным вагнём у Косаве былі забітыя 13 фэрмэраў – піша WSJE.

Газэта нагадвае, што буфэрная зона шырынёй тры кілямэтры ўздоўж мяжы Косава й Паўднёвай Сэрбіі была ўтвораная ў 1999 годзе, каб запабегчы сутыкненьню натаўскіх міратворчых сілаў Кей-фор з сэрбскімі войскамі. Толькі лёгка ўзброенай сэрбскай паліцыі дазваляецца прысутнічаць у гэтай зоне. Карыстаючыся гэтым, паўстанцы зь ліку этнічных альбанцаў усталявалі кантроль над большай часткай буфернай зоны. Яны хацелі б далучыць гэтую зону да тэрыторыі сувэрэннага Косава.

Югаслаўскія ўлады заяўляюць, што міратворцы парушылі свае забавязаньні ахоўваць зону ад пранікненьня туды ўзброеных альбанцаў. Міністар замежных справаў Югаславіі Горан Сьвілянавіч зьвярнуўся ў нядзелю да генэральнага сакратара НАТО Джорджа Робэртсана з патрабаваньнем неадкладна забясьпечыць надзейнасьць межаў паміж Косавам і Паўднёвай Сэрбіяй.

Тым часам, прадстаўнік так званага “Вызвольнага войска Прэшава” Януз Мусьлю паведаміў, што адзін з палявых камандзіраў быў забіты сэрбскай паліцыяй ў нядзелю, а яшчэ два паўстанцы параненыя. Ён заявіў, што гэтая групоўка ня мела дачыненьня да гібелі паліцыянтаў і асудзіў тэрарыстычны акт супраць пасажыраў аўтобусу”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG