Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ КУЛЬТУРЫ МІНУЛАГА ТЫДНЯ


Юрась Барысевіч, Менск.

Сёлета фэстываль будзе адбывацца па ўсёй краіне. Пераможцы рэгіянальных конкурсаў выступяць у Магілёве, Горадні, Берасьці й Менску.

Дабрачынны канцэрт “Палянэз Агінскага” прайшоў у Беларускай філярмоніі. Патрыятычная і духовая музыка гучала ў выкананьні вакальнага ансамблю “Камэрата”, Дзяржаўнага народнага хору, Дзяржаўнага ансамблю танца, музычнае капэлы “Санорус”. Увесь збор ад канцэрту пойдзе на пабудову помніка Агінскаму перад музычнаю вучэльняй у Маладэчне.

У Доме дружбы адчынілася выстава літоўскіх мастакоў суполкі “Рэспубліка Зарэчча”. Усе ўдзельнікі выставы жывуць у старым віленскім раёне Зарэчча (па літоўску Ўжупіс) ды імкнуцца ператварыць яго ў сувэрэнны запаведнік вольных мастакоў накшталт раёну Хрысьціянія ў Капэнгагене. Выстава мастакоў-сэпаратыстаў аб’ехала ўжо восем эўрапейскіх сталіцаў.

У Зьвязе кінематаграфістаў прайшла прэм’ера адразу чатырох фільмаў пра беларускую прыроду: “Жывыя сьведкі ледавікоў”, “Лясныя хованкі”, “Жывая вада” і “Сьвет крутлявае чаротаўкі”. На думку кіназнаўцаў, гэта лепшыя стужкі пра дзікую прыроду за ўсю гісторыю беларускага кіно. Стварылі іх рэжысэры Ігар Бышнёў (паводле адукацыі ён біёляг) і Сяргей Пятроўскі, які нядаўна памёр. Аўтары параўноўваюць Палесьсе з эўрапейскімі джунглямі, а веснавую Прыпяць — з Амазонкаю. Верагодна, у Доме прыроды, што на Траецкім прадмесьці, неўзабаве пачне дзеяць відэатэка стужак пра жывёлаў — там можна будзе набыць і гэтыя фільмы.

Віцебская студыя “Новы стыль” выпусьціла кампакт-дыск з запісамі беларускіх духовых сьпеваў. Хрысьціянскія псальмы гучаць у выкананьні вядомага наваполацкага рок-музыкі Сяргея Анішчанкі ды ўдзельніцы хору “Глёрыя” менскае арцыкатэдры Тацяны Малухінай. Аўтары спадзяюцца наладзіць прэзэнтацыю дыску ў наваполацкім Палацы культуры, але дырэкцыя пакуль не дае дазволу.

У Гарадзенскім мэдычным унівэрсытэце адчыніўся Музэй агульнае анатоміі чалавека. Тамсама аднавіла сваю дзейнасьць пасьля двухмесячнага перапынку экспазыцыя “Катастрофы чалавечага цела” Музэю тэраталёгіі. Абодва музэі прадугледжваюць толькі групавыя экскурсіі з праслухоўваньнем лекцыяў. Сярод экспанатаў — чорныя лёгкія зацятага курца і полавыя органы рэдкіх памераў.

У межах Беларускага кніжнага кірмашу ў Нацыянальным выстаўным цэнтры “БелЭКСПА” прайшла выстава-конкурс кніжнае ілюстрацыі “Мастак і кніга”. Заснавальнікі конкурсу (Дзяржаўны камітэт друку й Беларуская асацыяцыя кнігавыдаўцоў і кнігараспаўсюднікаў) прысудзілі Гран-пры мастаку Юрасю Алісевічу за ілюстрацыі да казкі “Залатавалоска”. Мабыць, упадабалі, што на адной з ілюстрацыяў, у сцэне адсяканьня галавы лысаму каралю, побач з эшафотам мастак зьмясьціў у натоўпе бел-чырвона-белы сьцяг. Гран-пры мае назоў "Тоеснасьць".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG