Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФАРМАВАНЬНЕ ЎРАДУ Ў ІЗРАІЛІ НАБЛІЗІЛАСЯ ДА КАНЦА


Кастусь Бандарук, Прага

Дзьве галоўныя партыі – Лікуд і Працы, згадзіліся, што будуць мець аднолькавую колькасьць месцаў у новым кабінэце.

Арыель Шарон, які адразу пасьля сваёй выбарчай перамогі выказаў гатоўнасьць супрацоўнічаць з апазыцыяй, заявіў, што абяцаны ім урад нацыянальнага адзінства адновіць мір на Блізкім Усходзе.

(Шарон: ) “Я зьбіраюся сфармаваць урад нацыянальнага адзінства. Я думаю, што гэта вельмі важна, і што Ізраіль патрабуе адзінства і таго, дзякуючы чаму мы сапраўды дасягнем бясьпекі і міру”.

Хаця падрабязнасьці кааліцыйнае дамовы і вынік перамоваў зь меншымі партыямі будуць вядомыя на наступным тыдні, аднак некаторыя прызначэньні на ключавыя пасады ўжо вядомыя. Ізраільскія СМІ паведамілі, што міністрам абароны ў новым кабінэце мае быць Эхуд Барак, які дагэтуль спалучаў гэтую пасаду з пасадай прэм’ера. Міністрам замежных справаў, другі раз у сваім жыцьці, праўдападобна будзе ляўрэат Нобэлеўскай прэміі Шымон Пэрэс.

Шарон мусіць стварыць кіруючую кааліцыю да канца сакавіка, інакш павінны быць прызначаныя новыя выбары, гэтым разам і парлямэнту, і прэм’ера. Калі б на супрацоўніцтва з Шаронам не пайшла левацэнтрысцкая партыя Працы, тады ён быў бы вымушаны пачаць перамовы з правымі партыямі, што пахавала б усе мірныя пляны.

Як піша Лі Гокстадэр у амэрыканскай газэце Washington Post, саюз з Баракам і ягонай Партыяй Працы, дасьць Шарону значныя палітычныя дывідэнды. Пад прыкрыўкай кааліцыйнага ўраду яму будзе лягчэй выканаць свае перадвыбарчыя абяцаньні і адмовіцца ад ранейшых саступак Ясіру Арафату. Мабыць, яшчэ больш істотнае тое, – піша Washington Post, што Барак і Пэрэс у новым кабінэце палепшаць імідж Шарона ў арабскім сьвеце, а таксама на Захадзе, дзе ён мае рэпутацыю бескампраміснага ваяўнічага палітыка, схільнага да ўжываньня брутальнай сілы.

Таксама газэта New York Times адзначае, што палітыкі з партыі працы зьмякчаць ваяўнічыя тэндэнцыі Шарона і зробяць яго больш прыймальным для тых краінаў, якія ягоны выбар прывіталі бяз энтузіязму.

З другога боку, кааліцыйны ўрад мае сваіх праціўнікаў. Прадстаўнік Нацыянальнай Рэлігійнай Партыі Наум Лянгэнталь заклікаў Шарона не дапускаць Барака да ніякай адказнай пасады, паколькі той раней нарабіў мноства памылак. Два прадстаўнікі Партыі Працы, міністар юстыцыі Ёссі Бэйдзін і міністар замежных справаў Шломо Бэн-Амі заявілі, што ня ўвойдуць у новы кабінэт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG