Павал Севярынец напрыканцы ўчорашняй акцыі "Любові! Свабоды! Пераменаў!" заклікаў удзельнікаў шэсьця спусьціцца ў мэтро і разьехацца па хатах.
Міліцэйскае начальства прыйшло да высновы, што ён быў арганізатарам несанкцыянаванага шэсьця і яго трэба затрымаць, каб скласьці пратакол.
Учора ўвечары некалькі міліцэйскіх машын заблякавалі ўваход ва Ўправу БНФ, яшчэ пяць — сталі ў дварах. Палкоўнік Гірэль патэлефанаваў маладафронтаўцам і паведаміў, што яму патрэбны толькі Павал Севярынец. У выніку хлопцы ўсю ноч правялі ў штаб-кватэры Фронту.
Апроч таго, увесь вечар на менскіх вуліцах міліцыянты спынялі хлопцаў і правяралі іхныя дакумэнты. Ужо суткі цягнецца міліцэйская аблога будынку, дзе месьціцца штаб-кватэра БНФ. Павал Севярынец вымушаны хавацца ад перасьледу ўладаў:
(Севярынец: ) "Ад вечара да гадзіны начы ішлі перамовы, у якіх бралі ўдзел АБСЭ, кіраўнікі Народнага Фронту спадары Сіўчык і Вячорка і міліцыянты, якія патрабавалі маёй выдачы.
Палкоўнік Гірэль сьцьвярджаў, што мяне шукаюць. На пытаньне, ці распачатая крымінальная справа, адказваў: не. Але, маўляў, трэба тэрмінова завесьці мяне ў суд. На прэс-канфэрэнцыі, як мне вядома, падышоў міліцэйскі нарад і затрымаў начнога вартаўніка, які быў ноччу ва Ўправе, — Міхася Баярына.
Хавацца зараз не выпадае, бо гарачы час, падрыхтоўка да выбараў на прэзыдэнта. Учора іхных сілаў у цэнтры гораду было ў некалькі разоў болей за дэманстрантаў — некалькі тысячаў міліцыянтаў толькі ў тым раёне, дзе мы ладзілі шэсьце. Калі мне ўдалося пазьбегнуць затрыманьня ўчора, дык, спадзяюся, удасца перайграць рэжым надалей", — паведаміў Павал Севярынец нашаму радыё.
Супрацоўнікі міліцыі Цэнтральнага РАЎСу паведамілі, што Павал Севярынец ім патрэбны як арганізатар учорашняй акцыі, а таксама леташняй акцыі "Пераменаў!", якая была 12 лістапада. Калі Севярынца затрымаюць, могуць даць 15 сутак арышту й вялікі штраф.
Пацьвердзіліся чуткі пра загад міліцэйскага кіраўніцтва не затрымліваць нікога, апроч арганізатара шэсьця. Сёньня высьветлілася, што нават падлеткаў, якіх учора затрымалі ў мэтро апэратыўнікі крымінальнага вышуку, праз колькі хвілінаў адпусьцілі, ня склаўшы пратаколу.