Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЁНЬНЯ – ГАДАВІНА ВЫВАДУ САВЕЦКІХ ВОЙСКАЎ З АЎГАНІСТАНУ


Ігар Карней, Менск

Савецкая армія пасьля шматгадовай акупацыі вымушаная была пакінуць гэтую краіну ў лютым 1989 году.

З канца вайны мінула ўжо 12 гадоў, але страты растуць. Паводле некаторых зьвестак, ужо ў паваенны час ад дэпрэсіі, алькагалізму й наркатычай залежнасьці загінула ўдвая больш так званых аўганцаў, чым за часам ваенных дзеяньняў.

Узгадаем Смаргонь, дзе апошнімі гадамі памерлі 13 былых "аўганцаў", тады як падчас вайны на ўвесь раён загінуў 1 чалавек. Трэцяя частка ўсіх сьмерцяў — суіцыды маладых інвалідаў: прыкутыя да ложка ці крэсла, яны былі патрэбныя толькі родным. Ды й з жывых зусім нямногія здолелі адаптавацца да мірнага жыцьця без маральных стратаў.

Гаворыць Васіль Тарасэвіч, які дэмабілізаваўся з Аўганістану ў 1985 годзе.

(Тарасэвіч: ) "Асабіста я ад дзяржавы атрымаў адну саступку — ільготную чаргу на кватэру. Ніякай дапамогі зараз не адчуваю. Усё, чаго дасягнуў, — дзякуючы адукацыі, сябрам, калегам. Таму нават не лічу патрэбным хадзіць па кабінэтах, нечага патрабаваць.

Ёсьць людзі, якія цяпер забясьпечаныя нашмат горш за мяне. Пра заплянаваныя акцыі з боку дзяржавы нічога ня ведаю".

(Карэспандэнт: ) "Сёньня шмат гавораць пра аўганскі сындром: дэпрэсіі, заўчасная сьмерць. Што вы пра гэта думаеце?"

(Тарасэвіч: ) "Я веру, што гэта ёсьць. Тое ж, прыкладам, маюць амэрыканцы — віетнамскі сындром.

З нашай вёскі чацьвёра былі ў Аўганістане. І самы сьмелы (тры раненьні, два ордэны Чырвонай Зоркі) скончыў самагубствам. Усюды быў найлепшы — у калгасе, потым у міліцыі. Штосьці ня склалася. Звонку ўсё нядрэнна, але іншае — псыхіка. Мне пашчасьціла: добрая праца, дома ўсё добра".

Зь ільготаў, якія яшчэ маюць былыя салдаты — бясплатны праезд у грамадзкім транспарце, усталяваньне хатняга тэлефону без чаргі, вітаміны ў раённай паліклініцы штомесяц і магчымасьць раз на год сустрэцца ля помніка на Востраве сьлёз у Траецкім прадмесьці сталіцы.

Іншае — у парадку чаргі. Прыкладам, нядаўна ў Столінскім раёне маці загінулага Сяргея Рогаля 14 гадзінаў прастаяла ў чарзе па ільготны торф. Ня дзіва, што ў аўганцаў часам зьяўляюцца зусім нечаканыя жаданьні.

Гаворыць Сяргей Пасаховіч:

(Пасаховіч: ) "Бывае, ня бачыш сваіх сяброў, не сустракаесься зь імі, а потым зьбярэмся, пачынаем успамінаць… І раптам думаеш: паехаў бы туды назад! Там неяк прасьцей было. Жыў адным днём, ня думаў пра будучыню. А цяпер — заботы, праблемы".

Зрэшты, іншыя ветэраны — тыя, хто, абараняючы інтарэсы савецкай імпэрыі, прайшоў празь лякальныя войны і канфлікты ў Эгіпце, Віетнаме, Сырыі, на Кубе — ня маюць нават і тых ільготаў, што ў "аўганцаў".


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG