Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЗІМЕР ГАНЧАРЫК: СЁНЬНЯШНІ МІТЫНГ УМАЦОЎВАЕ ПАЗЫЦЫЮ ПРАФСАЮЗАЎ


Міхал Стэльмак, Менск

(Карэспандэнт: ) "Якое значэньне вы надаяце сёньняшняму мітынгу?"

(Ганчарык: ) "Вялізнае. Найперш гэта сур'ёзна падмацоўвае пазыцыю Фэдэрацыі прафсаюзаў па абароне інтарэсаў і законных правоў членаў прафсаюзаў.

Па-другое, патрабаваньне зьмены сацыяльна-эканамічнай палітыкі, рэформы заработнай платы, спыненьне гэткага росту цэн на неабходныя тавары й харчы — вельмі важныя цяпер, мы будзем гэта працягваць. Гэта пытаньні агульнанацыянальнай важнасьці".

(Карэспандэнт: ) "Што будзеце рабіць далей?"

(Ганчарык: ) "Зьбярэм подпісы пад патрабаваньнямі, якія будуць выпрацаваныя на мітынгу. Будзем працаваць — такія ж акцыі ў наступным месяцы плянуем, і будзем хутка мець вынікі разгляду звароту прафсаюзаў Беларусі ў Міжнародную арганізацыю працы".

(Карэспандэнт: ) "Якія міжнародныя структуры падтрымалі вашую акцыю?"

(Ганчарык: ) "Амаль што ўсе падтрымалі. Сярод іх Міжнародная канфэдэрацыя свабодных прафсаюзаў, Усеагульная канфэдэрацыя прафсаюзаў, нацыянальныя прафцэнтры, галіновыя прафсаюзы Расеі й абласныя арганізацыя Расейскай Фэдэрацыі, амаль што ўсе беларускія рэгіёны і амаль што ўсе прадпрыемствы ды арганізацыі беларускія. Нас і грамадзяне падтрымалі — і пэнсіянэры, і моладзь".

(Карэспандэнт: ) "Сёньня ў некаторых дзяржаўных СМІ зьявіліся матэрыялы, якія сьцьвярджаюць, што гэтая акцыя вам патрэбная дзеля рэалізацыі асабістых палітычных мэтаў. Як вы пракамэнтуеце гэта?"

(Ганчарык: ) "Гэта глупства. Такія сродкі гэтых выданьняў й СМІ. Мітынг пастанавілі наладзіць на зьезьдзе прафсаюзаў яшчэ ў кастрычніку мінулага году. Тады нават і гаворкі не было пра вылучэньне кагосьці на кандыдата ў прэзыдэнты. Мэты й патрабаваньні акцыі — чыста эканамічныя".

(Карэспандэнт: ) "Як вы ставіцеся да цяперашніх падзеяў вакол Міхаіла Чыгіра? Я кажу пра абвінавачаньні ў эканамічных злачынствах ягонага сына Аляксандра".

(Ганчарык: ) "Я разумею, што яго падстаўляюць, каб дыскрэдытаваць патэнцыйнага кандыдата на прэзыдэнта".

(Карэспандэнт: ) "Вы таксама думаеце балятавацца на прэзыдэнта. Ці не чакаеце вы падобных правакацыяў?"

(Ганчарык: ) "На жаль, гэта магчыма. Калі ня хопіць ім розуму весьці шчырую, справядлівую падрыхтоўку да выбараў і выбарчую кампанію, будзе гэтак. І прэзыдэнту варта сур'ёзна над гэтым задумацца. Ён гарант Канстытуцыі, гарант правоў грамадзян. Калі ён прэзыдэнт".

Гэта меркаваньні пра сёньняшнюю акцыю пратэсту, арганізаваную прафсаюзамі, і ўражаньні ад апошніх палітычных падзеяў лідэра Фэдэрацыі прафсаюзаў і магчымага кандыдата на прэзыдэнта Беларусі Ўладзімера Ганчарыка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG