Арганізатары акцыі сьцьвярджаюць, што хацелі б пазьбегнуць канфрантацыі з уладамі.
Сёньня арганізатары моладзевай акцыі, лідэры Маладога Фронту Павал Севярынец і Аляксей Шэін у часе прэсавай канфэрэнцыі распавялі пра некаторыя падрабязнасьці заплянаванага на 14 лютага мерапрыемства.
Акцыя "Любові! Свабоды! Пераменаў!" пачнецца ў Менску з раніцы. Групы маладафронтаўцаў і сябраў іншых арганізацыяў, што ўваходзяць у моладзевую кааліцыю "Пераменаў", наведаюць амбасады 18 эўрапейскіх краінаў, ЗША, а таксама прадстаўніцтва ААН і сядзібу Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ. Яны перададуць дыпляматам сьвяточныя паштоўкі-валянцінкі.
У гэты ж час іншыя групы моладзі накіруюцца ў крамы, шпіталі, дзяржаўныя й навучальныя ўстановы, рэдакцыі СМІ і павіншуюць супрацоўнікаў са сьвятам. Віншаваць суайчыньнікаў з днём Сьвятога Валянціна будуць ва ўсіх 32 гарадах Беларусі, дзе заплянаваныя моладзевыя акцыі. Адмысловыя падарункі ад моладзі атрымаюць і некаторыя беларускія палітыкі.
Асноўная ж частка акцыі пачнецца а 17-й гадзіне на плошчы Свабоды. Гарадзкія ўлады Менску пакуль не далі дазволу на ейнае правядзеньне. Чыноўнікі гавораць, што ня могуць дазволіць мерапрыемства ў цэнтры сталіцы. Але арганізатары саступаць не зьбіраюцца. Гаворыць Павал Севярынец:
(Севярынец: ) "Нават калі ўлады забароняць акцыю, яна ўсё адно пачнецца ад плошчы Свабоды. У 1997 годзе моладзь зьбіралася менавіта там, міліцыя не магла гэтаму перашкодзіць. Аніякіх сутыкненьняў, беспарадкаў тады не было на пачатку акцыі.
Мы акцэнтуем мірны пачатак гэтай акцыі. Але мы плянуем у гэты лдзень перамагчы. Мы думаем выйграць гэтую акцыю, і выйграць яе менавіта на плошчы Свабоды".
Арганізатары ўсё ж спадзяюцца дасягнуць кампрамісу з уладамі. Нават нягледзячы на тое, што чыноўнікі гарвыканкаму ўжо пачалі браць пэўныя захады супраць акцыі.
Гэтак, увечары 14 лютага ў раёне плошчы Свабоды адбудзецца некалькі афіцыйных канцэртаў, прысьвечаных дню Сьвятога Валянціна. Але арганізатары апазыцыйнай акцыі лічаць, што гэта толькі зробіць дадатковую рэкляму іхнаму мерапрыемству. У часе правядзеньня апазыцыйнай акцыі будзе арганізаваная прэзэнтацыя новага альбому беларускіх рок-гуртоў пад назваю "Песьні пра каханьне".
Некалькі прадстаўнікоў моладзевай кааліцыі "Пераменаў" таксама наведаюць мітынг Фэдэрацыі прафсаюзаў і выкажуць сваю салідарнасьць з рабочымі.У іншых гарадах Беларусі 14 лютага пройдуць мітынгі, шэсьці, пікеты, дыскатэкі ды іншыя моладзевыя мерапрыемствы.