У казцы "Пра Зьмея Луку, пра Чыстую Руку ды пра мех панцаку" супрацоўнікі пракуратуры Чыгуначнага раёну згледзелі абразу гонару А.Лукашэнкі, — пра гэта паведаміў сябра Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Уладзімер Плешчанка.
Ён распавёў, што ўжо каля месяца распаўсюджвае ў Віцебску апазыцыйны друк — улёткі беларускай "Салідарнасьці", артыкулы Зянона Пазьняка ды тэксты ўжо памянёнай казкі.
Мінулым тыднем яго затрымалі на Чыгуначным вакзале, і супрацоўнікі РАУС забралі ў яго частку друкаваных матэрыялаў. Пад час апошняга затрыманьня, што адбылося 30 студзеня, начальнік Чыгуначнага РАУСу Марзавін, вяртаючы Плешчанку артыкулы ды ўлёткі, паведаміў, штояны бясшкодныя, а вось тэкст казкі "Пра Зьмея Луку, пра Чыстую Руку ды пра мех панцаку" пракуратура Чыгуначнага раёну накіравала на экспэртызу.
Адмыслоўцы мусяць вырашыць, ці абражае казка дзяржаўную асобу і ці мае якую крамолу. Калі так, дык спадара Плешчанку могуць прыцягнуць нават да крымінальнай адказнасьці — як распаўсюдніка літаратуры шкоднага зьместу.
Нагадаем, што падобную справу ўжо разглядалі ў судзе Першамайскага раёну Віцебску ў 1996 годзе. Тады грашовым спагнаньнем пакаралі таксама сябра Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Барыс Хамайда, рэдактара віцебскай апазыцыйнай газэты "Выбар", як надрукаваў верш С.Адамовіча "Убей президента".