Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДНАВІЎСЯ РАЗГЛЯД КРЫМІНАЛЬНАЙ СПРАВЫ СТАТКЕВІЧА І ШЧУКІНА


Любоў Лунёва, Менск

Статкевіча й Шчукіна абвінавачваюць у арганізацыі масавых хваляваньняў пад час Маршу Свабоды–1, а Статкевіча яшчэ і ў арганізацыі несанкцыянаванага шэсьця на Дзень Незалежнасьці, калі адбыліся сутычкі дэманстрантаў зь міліцыяй. Першым прысудам іх пакаралі пазбаўленьнем волі з адтэрміноўкай пакараньня на два гады.

У суд, акрамя ўдзельнікаў працэсу, прыйшлі журналісты, амбасадар ЗША Майкл Козак, прадстаўнікі амбасады Францыі ды назіральнікі ад КНГ АБСЭ. Напачатку паседжаньня судзьдзя сп.Высоцкая забараніла тэлежурналістам карыстацца відэакамэрамі.

Мікола Статкевіч запатрабаваў, каб суд адбываўся на беларускай мове. Судзьдзя не пагадзілася на гэта ды запрасіла выкладчыка беларускай мовы пэдунівэрсытэту папрацаваць перакладчыкам, але да яго ніхто не зьвяртаўся, то ён так і праседзеў бяз справы ўвесь дзень.

Мікола Статкевіч упэўнены, што перагляд справы — гэта спроба ўціску на яго з боку ўладаў. Гаворыць Мікола Статкевіч:

(Статкевіч: ) "Я думаю, што новае паседжаньне зьвязанае зь сёлетнімі кампаніямі, і з паўторнымі выбарамі ў Палату прадстаўнікоў. Пад час гэтых выбараў мы паспрабуем абкатаць нашу каманду, думаем нават правесьці ў трох акругах цягам 1,5 месяцаў сталыя сэмінары. Будзем рыхтаваць там рэгіянальных партыйных мэнэджэраў для выбараў на прэзыдэнта.

І гэта ёсьць першай прычынай — каб ня даць мне весьці паўнавартаснай кампаніі, можа, нават каб не зарэгістраваць мяне, каб ня даць магчымасьці падрыхтаваць каманду. Ды яшчэ каб пазбавіць шанцаў трапіць у гэтую Палатку, улада ж баіцца кандыдата ад апазыцыі.

Другая прычына. Партыя будзе цяпер вызначацца з кандыдатурай кандыдата на прэзыдэнта. Гэты працэс мы адкладаем на пачатак выбарчай кампаніі. Безумоўна, мы адчуваем ўціск з боку ўлады, і гэта ёсьць праявай такога ўціску".

Новы разгляд справы адбываецца паводле новага Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, згодна зь якім функцыя правасудзьдзя адасобленая ад абвінаваўчага боку й абароны. Суд ня можа здабываць доказаў на карысьць абвінаваўчага боку альбо абароны. Судзьдзя можа толькі пытацца пра нешта дзеля ўдакладненьня.

Але на практыцы і судзьдзі, і супрацоўнікі пракуратуры яшчэ не прызвычаіліся да зьменаў. Таму адвакат Міколы Статкевіча Тацяна Станкевіч вымушаная была зрабіць заўвагу судзьдзі.

Валеры Шчукін выклікаў рогат у залі, калі абвясьціў, што 17 кастрычніка ён папросту йшоў, сьвістаў і тупаў нагамі, а гэта нікому ня можа перашкаджаць.

(Шчукін: ) "Я чакаю, што суд мяне апраўдае. Няма ж падставаў, каб мяне асудзіць. Дата прысуду невядомая. Судзьдзя разьлічвае да 7 лютага распытаць сьведак па справе, якіх каля 50 чалавек. Калі ўлічыць, што большасьць зь іх жыве ня ў Менску, дык прысуд, верагодна, вынясуць толькі напрыканцы лютага".



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG