Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КОЛЬКАСЬЦЬ АБІТУРЫЕНТАЎ МОЖА ЗЬМЕНШЫЦЦА НАТУРАЛЬНЫМ ШЛЯХАМ


Ганна Соусь, Менск

Апошнім часам школьнікаў у Беларусі становіцца ўсё меней. Калісьці штогод у першыя клясы ішлі каля 150 000 дзяцей, цяпер — толькі 90 000–100 000. Пра такія наступствы дэмаграфічнага крызысу паведаміў сёньня ў часе прэсавай канфэрэнцыі міністар адукацыі Васіль Стражаў.

Паводле прагнозаў, ужо праз 10 гадоў колькасьць месцаў у вышэйшых і спэцыяльных навучальных установах Беларусі будзе большай за ўвесь выпуск са школаў. І з гэтай нагоды, зазначыў Васіль Стражаў, пакрысе пачне скарачацца прыём студэнтаў у пэдагагічныя ВНУ.

Міністар адукацыі пахваліўся, што ў параўнаньні з 1990 годам утрая больш дзяцей пачынаюць вучыць замежную мову зь першай клясы. Што да дынамікі навучаньня на роднай мове, то міністар ня здолеў прывесьці дакладнай статыстыкі.

(Стражаў: ) "Калі параўнаць з 1990 годам, дык у нас болей дзяцей вывучаюць беларускую мову. Калі ж з 1995-м параўнаць — дык паменшала, але думаю, ня варта рабіць з гэтага нейкай трагедыі. У 1990 годзе каля 19–20% дзяцей ішлі вучыцца ў беларускамоўныя школы. А год таму было дзесьці каля 30%".

Адказваючы на пытаньне пра даволі нізкі ўзровень выкладаньня на беларускай мове ў клясах з расейскай мовай навучаньня, міністар адукацыі зазначыў наступнае.

(Стражаў: ) "Ведаеце, тут трэба так падыходзіць. Што лепей для дзяцей: каб ім выкладалі на добрай беларускай мове ці каб дзеці чулі тое, што ня трэба ім чуць ад настаўніка?"

Не атрымаўшы канкрэтных лічбаў ад міністра адукацыі, я зьвярнулася па іх у Таварыства беларускай мовы. Кіраўнік справамі ТБМ Сяргей Кручкоў паведаміў нашаму радыё пра дынаміку прыёму вучняў у беларускія клясы Менску.

(Кручкоў: ) "Дык вось, 1993 год: 58,6% ад агульнай колькасьці дзяцей пайшлі ў беларускамоўныя клясы. У 1994 годзе — 58%. У 1995-м — 19,5%. У 1996-м — 12,1%. У 1997 годзе — 7,3%. У 1998-м — 4,9%. У 1999-м — 4,7%.

У 2000 годзе, згодна з нашымі зьвесткамі, у падрыхтоўчыя клясы беларускамоўныя пайшло яшчэ меней за тыя 4,7%, бо заявы падалі на пачатак навучальнага году ва ўсім Менску ўсяго 573 чалавекі".



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG