Як паведаміў мне загадчык аддзелу інфармацыі Барысаўскага гарвыканкаму Аляксандар Мядзельцаў, першая сёлетняя сэсія гарадзкога Савету дэпутатаў прыняла адмысловы сьцяг гораду.
На сьцягу верхняя паласа — чырвоная, ніжняя — зялёная, а пасярэдзіне — сталёвага колеру. На гэтай паласе зьмешчаная выява старажытнага гербу. Барысаўскі сьцяг будзе стаяць у кабінэтах гарадзкіх начальнікаў, яго мусяць выкарыстоўваць у сьвяты ды іншыя мерапрыемствы.
Праект сьцягу зараз знаходзіцца ў Менску: яго павінна зацьвердзіць геральдычная служба Дзяржкамітэту па архівах й справаводзтве.
Геральдычная служба паведаміла, што на Меншчыне цяпер, акрамя Барысаву, свае сьцягі маюць мястэчка Радашкавічы, гарады Смалявічы й Мар'іна Горка. Яшчэ два сьцягі ў Беларусі прынятыя на Гомельшчыне — у Лоеве ды Ельску.
У смалявічанцаў, напрыклад, у цэнтры чырвона-сіняга палотнішча зьмешчаны нядаўна прыняты герб, на якім намаляваная бочка, аблітая смалою, а таксама — рунічны знак. Чырвона-зялёна-белы сьцяг у Радашкавічаў. Відавочна, што ў сьцягах пераважаюць колеры цяперашняга афіцыйнага сьцягу.
Паводле законаў геральдыкі сьцягі павінны паўтараць асноўныя колеры гербаў. У Барысаве, прыкладам, “падрэдагаваны” год таму герб выяўляе браму, па баках якой узвышаюцца дзьве расфарбаваныя ў чырвоны колер вежы. Вежы месьцяцца на зялёнай траве. А па-над брамай у небе сталёвага колеру — апостал Пётар. Вось і ўтварыўся чырвона-сталёва-зялёны сьцяг.
Начальнік геральдычнай службы Сяргей Рассадзін распавёў мне, што нядаўна езьдзіў у Расею да тамтэйшых геральдыстаў, каб зьверыць крытэры сваёй працы зь іхнымі.
(Рассадзін: ) "Аказалася, што шлях наш арыгінальны, але непамылковы", — зазначыў спадар Рассадзін.
Больш крытычна да ўжываньня дзяржаўнымі геральдыстамі тых ці іншых колераў паставіўся доктар гістарычных навук, прафэсар Анатоль Грыцкевіч. Ён сказаў, што культурная традыцыя беларусаў заўжды аддавала перавагу чырвонаму ў спалучэньні зь белым колерам, а не чырвонаму зь зялёным. Радзей — чорнаму.
Хоць сп. Грыцкевіч адзначыў як станоўчы фактар, што дзяржаўныя геральдысты ў стварэньні сымболікі гарадоў і мястэчак, дзе такой не мелася, зьвяртаюцца да рэлігійных матываў, да тагачасных рунічных знакаў і шляхецкіх родавых гербаў. Напрыклад, тых жа Радзівілаў.
Усё ж Анатоль Грыцкевіч прыйшоў да высновы, што геральдысты выконваюць палітычны заказ дзяржавы.
(Грыцкевіч: ) "Мне здаецца, што ў геральдычнай службе сабраліся добрыя чыноўнікі: яны выконваюць кожны загад, што даюць ім зьверху. Альбо яны імкнуцца апярэдзіць гэткія загады. Але да геральдыкі гэта ня мае дачыненьня".