Справа ў тым, што асобы на галоўных пасадах у адміністрацыі у многім зьяўляюцца паказчыкам таго, якая будзе палітыка Злучаных Штатаў ў бліжэйшыя чатыр гады. Газэта International Herald Tribune зьмясьціла артыкул пад загалоўкам “Усе зоркі Буша”…
На думку рэспубліканцаў, Джордж Буш стварыў найлепшую з магчымых каманду ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі. Гэта віцэ-прэзыдэнт Дык Чэйні, дзяржсакратар Колін Паўэл, міністар абароны Дональд Румсфэльд і дараднік ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Кандалеза Райс. Аднак, як нядаўна сказаў Бушу трэнэр баскетбольнай каманды Los Angeles Lakers Філ Джэксан, нават найбольш яркія зоркі ў камандзе, яшчэ не гарантуюць ейнага суладзьдзя і посьпеху. Наадварот. Найбольш аўтарытэтныя дарадчыкі неаднойчы пачынаюць змаганьне за ўплывы паміж сабою, уключна з імкненьнем заняць прэзыдэнцкае крэсла. Бяручы сабе ў памочнікі аўтарытэтных і кампэтэнтных палітыкаў, Буш можа мець дачыненьне з разнагалосьсямі большымі, чым ён спадзяецца. У часы кіраваньня прэзыдэнта Картэра, спаборнічалі паміж сабой дзяржсакратар Сайрус Вэнс і дарадца ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Зьбігнев Бжэзінскі, а пры Рэйгане – дзяржсакратар Джордж Шульц і міністар абароны Каспэр Вайнбэргер. Адсюль і была непасьлядоўнаю палітыка ЗША ў пытаньнях Савецкага Саюзу, Блізкага Ўсходу і Цэнтральнай Амэрыкі.
Згаданы квартэт Буша даволі незвычайны, – піша газэта International Herald Tribune. Былы міністар абароны Чэйні мае шанец стаць неафіцыйным прэм’ерам ў адміністрацыі Буша. Паўэл і Румсфэль, аўтарытэтныя палітыкі, набліжаныя да віцэ-прэзыдэнта. Наймалодшая з гэтай чацьвёркі Кандалеза Райс зьяўляецца настаўнікам Буша ў пытаньнях замежнай палітыкі, і ейныя ўплывы таксама могуць быць значныя.
Паводле газэты International Herald Tribune, такое супадзеньне высокіх прафэсійных і чалавечых якасьцяў можа ў выніку стварыць надзвычай гарманічную каманду. Вельмі праўдападобны паўтор сытуацыі з гадоў кіраваньня бацькі цяперашняга прэзыдэнта. У часе вайны ў Персыдзкай затоцы, Чэйні-міністар абароны і Паўэл-начальнік аб’яднаных штабоў узброеных сілаў паказалі, што з карысьцю для справы ўмеюць згодна і эфэктыўна працаваць. Зараз абодва яны ў прынцыпе згодныя ў пытаньні неабходнасьці стварэньня сыстэмы супрацьракетнай абароны, хаця Паўэл больш за цяперашняга міністра аброны Румсфэльда схільны ўлічваць засьцярогі з боку эўрапейскіх саюзьнікаў, а таксама Расеі і Кітаю. З другога боку, Колін Паўэл – прафесійны вайсковец і камандзір, менш схільны пасылаць жаўнераў ў гарачыя кропкі, чым прэзыдэнцкі дарадца Кандалеза Райс. Хто ведае, як яны паступілі б, калі б ім прыйшлося гэтак як адміністрацыі Клінтана, прадпрыймаць ваенную апэрацыю на Балканах.
Колін Паўэл – несумнена дасьведчаны палітык і ваенны стратэг, – піша International Herald Tribune. Аднак нават разам з Чэйні і Райс ў Белым Доме і Румсфэльдам у Пэнтагоне, яны ня ў стане здамінаваць палітыку Вашынгтону. Поўную ўладу і вырашальныя аргумэнты належаць толькі прэзыдэнту, і гэта Джордж Буш акрэсьліць амэрыканскую палітыку на бліжэйшыя 4 гады. Гэтак як Кэнэдзі ў часе кубінскага крызысу, незважаючы на супярэчныя парады сваіх памочнікаў і дарадцаў, ён сам мусіць прыняць рашэньне, абапіраючыся на здаровы сэнс і сваю інтуіцыю.
Вось таму, – піша газэта International Herald Tribune, – і Джордж Буш можа пераканацца, што амэрыканская прэзыдэнтура – гэта вельмі самотны і пакутлівы занятак.