Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Article 2001-01-23


Галіна Прыгара, Нью-Ёрк

Павал Барадзін знаходзіцца ў камэры папярэдняга затрыманьня фэдэральнай турмы ў Брукліне. Турма гэтая, як заўважаюць, адна з самых чыстых у Нью-Ёрку. Камэра ў Барадзіна невялікая, прыкладна тры мэтры на тры, але ён тут знаходзіцца адзін. Пра адзіноту Барадзіна старанна дбаюць тры амэрыканскія афіцэры пракуратуры. Яны падстаўленыя да Барадзіна ў якасьці ахоўнікаў. Яны знаходзяцца з высокапастаўленым расейскім чыноўнікам паўсюдна. Не адыходзяць яны ад яго нават пад час пераклічкі, калі ўсе арыштанты стаяць на калідоры. Амэрыканцы баяцца, каб з расейскім чыноўнікам нешта ня здарылася, бо тады не пазьбегнуць гучнага міжнароднага скандалу.

Амэрыканскія афіцэры побач з Барадзіным і пад час штодзённых прагулак – ужо ў першыя дні Барадзіна вывелі на прагулку як і ўсіх арыштантаў. Звычайна ў гэты час усе гуляюць у баскетбол. Барадзін запытаўся ў сваіх ахоўнікаў, ці ня можа і ён згуляць з усімі. Яму забаранілі, але пажаданьне арыштаванага не адыходзіць ад спорту нават у турме было задаволенае – Барадзіну выдзялілі адасоблены ад астатніх баскетбольшны кошык і свой уласны мяч. Так што зараз расейскі затрыманец можа сам з сабою гуляць у баскетбол.

Да Барадзіна ставяцца ў турме як да вельмі важнай асобы. У камэры ў яго ёсьць тэлефон. Ён мае магчымасьць нават выбраць сам сабе мэню – у яго адразу запыталі, на што ў яго алергія, што ён не ўжывае ў ежу. Але сам Барадзін заўважае, што кормяць яго ў амэрыканскай турме нармальна, як у лякарні – такое ён сам выкарыстаў параўнаньне.

У першы ж дзень арышту да Паўла Барадзіна прыйшоў лекар. Ён адразу ж затэлефанаваў у Маскву да асабістага лекара Барадзіна і даведаўся ўсе акалічнасьці пра стан задроўя арыштанта.

Рэжым у турме, дзе знаходзіцца Барадзін, звычайны. Наведваць арыштаваных, напрыклад, можна з 8:30 раніцы да 20:30 вечара. Менавіта ў гэты час і спатыкаюцца з Барадзіным ягоныя адвакаты. Але заўсёды ў гэтыя часы ў турме разам з Барадзіным знаходзіцца прадстаўнік расейскай амбасады. Як заўважаюць адвакаты, калі ў наступны чацьвер, 25 студзеня, суд ня вызваліць Паўла Барадзіна з-пад арышту, то ён можа застацца ў амэрыканскай турме нават на два гады!

Заўважна таксама ў Нью-Ёрку, што амэрыканцы, затрымаўшы Барадзіна, хацелі б ад яго даведацца ўсю інфармацыю пра адмываньне грошай за часамі Ельцына праз амэрыканскія банкі. Так што прадстаўнік расейскай амбасады і тут спрацоўвае як гарант для расейскай улады – ён застаецца з Барадзіным нават пры прыватных гутарках вязьня з адвакатамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG