Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 сьнежня 2000 г.


Навагоднія віншаваньні суайчыньнікам Старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі Сямёна Шарэцкага.

(Шарэцкі: ) "Паколькі мы знаходзімся напярэдадні Новага году, хацелася б без усялякай палітыкі – проста, па-чалавечы, ад шчырага сэрца павіншаваць грамадзянаў Беларусі і ўсіх беларусаў – дзе б яны сёньня не знаходзіліся – з Новым годам, пажадаць усім у новым годзе моцнага здароўя, шчасьця. Мабыць, не выпадкова навагодняе сьвята і сьвята Нараджэньня Хрыстовага адзначаюцца практычна на адным тыдні. Прычым, гэта тычыцца і каталікоў, і праваслаўных, і пратэстантаў. У зьвязку з тым хачу таксама павіншаваць усіх і з гэтым вялікім сьвятам. Будучы год – год Зьмяі, таму хацелася б пажадаць усім беларусам мудрасьці: каб усе мы хутчэй усьвядомілі сваю нацыянальную годнасьць як эўрапейскага народа. Бо без нацыянальнага гонару народ ператвараецца ў рабоў. Яшчэ раз: здароўя Вам і шчасьця ў Новым годзе!"

(Радкевіч: ) "Хацелася б, каб Вы сказалі пару словаў наконт Вашых асабістых плянаў на Новы год. З чым вы зьвязваеце свае спадзяваньні ў 2001 годзе?"

(Шарэцкі: ) "Мае спадзяваньні зьвязаныя з тым, што ўсе мы, нарэшце, зразумеем неабходнасьць аб"яднаньня, што мы спынім, нарэшце, публічнае абліваньне брудам адно другога і дэманстратыўныя пошукі адно ў другога нейкіх недахопаў. Перад намі вораг, прычым, я б сказаў, вораг люты. Таму нам і трэба аб"яднацца і, урэшце рэшт, перамагчы. Я спадзяюся, я веру ў мудрасьць беларускага народа, веру ў перамогу дэмакратыі над тым цемрашальствам, якое сёньня, на жаль, пануе ў Беларусі".

(Радкевіч: ) "А Вы асабіста – дзе будзеце сустракаць Новы год? У гасьцях, ці зь сям"ёй?"

(Шарэцкі: ) "Новы год – сьвята сямейнае. Сям"я, праўда, у мяне параскіданая, але ж, пэўна, сядзем з жонкаю, падымем келіхі за здароўе дзяцей нашых, і ўнукаў, і ўсіх знаёмых".

(Радкевіч: ) "А шмат віншаваньняў атрымліваеце Вы напярэдадні Новага года і ці шмат людзей Вы віншуеце самі?"

(Шарэцкі: ) "Так, і зь Беларусі атрымліваю віншаваньні, і тут тэлефануюць…"

(Радкевіч: ) "І Вы таксама шмат паштовак рассылаеце?"

(Шарэцкі: ) "І паштоўкі шлю, і тэлефаную… І вось, дзякуючы Вам, маю магчымасьць павіншаваць слухачоў Радыё Свабода – а такіх людзей вельмі шмат. Гэта радыё ня толькі вашае, але і ўсіх сумленных беларусаў. Таму мне хочацца павіншаваць Вас асабіста, вашае кіраўніцтва, усю вашую рэдакцыю і пажадаць вам усім посьпехаў, а ўсім нам – агульнай перамогі!"

(Радкевіч: ) "Дзякуй, Сымон Георгіевіч, за цёплыя словы. Мы таксама Вас віншуем і жадаем усяго добрага ў Новым годзе і, спадзяюся, сустракаючы наступны, 2002 год, вы будзеце падымаць келіх у сябе на Радзіме".

Гутарыла
Алена Радкевіч, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG