Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 сьнежня 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

У пятніцу, 29 сьнежня, ня выйшаў чарговы нумар газэты "Літаратура і Мастацтва". Прычына празаічная — фінансавая нястача, таму рэдакцыя вырашыла зэканоміць. Ды перанесла навагоднія віншаваньні на наступны тыдзень. Што чакае прыхільнікаў "ЛіМу" ды іншых дзяржаўных беларускіх літаратурна-мастацкіх выданьняў пасьля 1 студзеня?

Адразу заспакоім тых, хто патрапіў у нешматлікія шэрагі падпісчыкаў "ЛіМу" — ваша газэта будзе выходзіць, хоць, відаць па ўсім, зь перабоямі, як і сёлета. Але мяркуючы па тым, што ў рэдакцыі распачаты грунтоўны рамонт, грошы на датацыю тыднёвіку абяцаныя. Самаакупнасьць выданьня за апошні год склала прыкладна траціну ад сабекошту. Гэта самы высокі паказьнік сярод газэтаў, якія фінансуюцца празь дзяржаўныя структуры.

А сярод беларускіх літаратурных часопісаў, якія па традыцыі завуцца "тоўстымі", хоць насамрэч даўно "схуднелі" ў аб'ёме, лідэрам "Полымя". Часопіс сам зарабляе 45% неабходных для выданьня сродкаў. Сёлетні 11-ты нумар "Полымя" (12-ты яшчэ ня выйшаў) мае і самы высокі сярод літаратурна-мастацкіх выданьняў наклад — амаль тры тысячы паасобнікаў. Што праўда, індывідуальныя падпісчыкі складаюць толькі дзясятую частку гэтае лічбы. І гэта вельмі цікавы паказьнік, бо азначае ён, акром усяго іншага, яшчэ й тое, што свой часопіс чытаюць далёка ня ўсе сябры Саюзу пісьменьнікаў. Які налічвае ў сваіх шэрагах каля паўтысячы асобаў. І гэта пры тым, што ў "Полымі" друкуюць зазвычай свае новыя творы Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Янка Брыль, Вячаслаў Адамчык ды іншыя сучасныя айчынныя клясыкі.

Прыкладна такую ж колькасьць падпісчыкаў мае і "Крыніца" — часопіс, які арыентуецца пераважна на сярэдняе пакаленьне творцаў і чытачоў. Аднак пасьля доўгатэрміновага сёлетняга перапынку, зьвязанага з праблемамі былога галоўнага рэдактара Ўладзімера Някляева, чытачы і аўтары з насьцярогаю ўспрымаюць аптымізм рэдакцыі на наступнагодні больш шчасьлівы лёс. Нават зазвычай завозны паэтычны аддзел рэдакцыі цяпер паўпустуе (графаманскія опусы ня ў лік). Тым ня менш, днямі "Крыніца"стала першаю з выданьняў Саюзу пісьменькаў, якое займела сваю старонку ў інтэрнэце. А нядаўна спраўна сплаціла гадавую запазычанасьць у ганарары. Кажуць, што ў ганарарнай ведамасьці насупроць прозьвішча былога галоўнага рэдактара стаіць лічба 4, без нулёў. А вось новага галоўнага ў часопіса дасюль няма. Аджывае "Крыніца" пры намесьніку, дакладней, намесьніцы — паэтцы Але Канапельцы. Пайшлі чуткі, што Дзяржкамдрук ацаніў яе рэаніматарскія здольнасьці, і слова "намесьнік" ў новым годзе зьнікне з азначэньня пасады спадарыні Канапелькі.

Самыя туманныя пэрспэктывы з усіх шасьці пісьменьніцкіх выданьняў — у часопіса "Маладосць". Ды й складана мець пэўнасьць з 47-мю падпісчыкамі і амаль стоадсоткаваю стратнасьцю выданьня. Тым ня менш, Дзяржкамдрук пакуль што не адмяняў свайго вуснага абяцаньня падтрымаць у ліку іншых і "Маладосць". Прынамсі, у Саюзе пісьменьнікаў спадзяюцца, што ў новым годзе колькасьць пісьменьніцкіх выданьняў не паменее. А вось пра колькасьць чытачоў такога спадзяваньня выказаць не адважваюцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG