Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 сьнежня 2000 г.


Алег Супрунюк, Берасьце

Беларускiя памежнiкi мусяць вярнуць маёмасьць, якая належыць грамадзянам Украiны i расейскай сялянскай гаспадарцы. Такое рашэньне прыняў суд Маскоўскага раёну Берасьця ў дачыненьнi да 16 тон збожжа, што транзытам празь Беларусь накiроўвалася з Расеi ва Ўкраiну.

Напачатку лiстапада беларускiя памежнiкi, якiя кантралююць участак мяжы з Украiнаю ў Берасьцейскай вобласьцi, затрымалi аўтамабiль КамАЗ з прычэпам, што перавозiў 16 тон пшанiцы. Аўтамабiль належыць калектыўнай сялянскай гаспадарцы з Тамбоўскай вобласьцi Расеi, а збожжа — грамадзянам Украiны, зь якiмi такiм чынам расейцы разьлiчылiся за працу.

Нагодаю да затрыманьня памежнiкi назвалi тое, што машына спрабавала перасекчы беларуска-ўкраiнскую мяжу ля вёскi Дзiвiн Кобрыньскага раёну, дзе няма пункту мытнага кантролю. Акрамя таго памежнiкi сьцьвярджаюць, што вёска Дзiвiн знаходзiцца ў гэтак званай "памежнай зоне", куды немагчыма трапiць без адпаведнага дазволу.

Першапачаткова суд прыняў рашэньне зканфiскаваць усю затрыманую маёмасьць у даход беларускае дзяржавы, але пасьля шматлiкiх скаргаў пацярпелых украiнцаў i зваротаў кансуляту Ўкраiны ў Берасьцi, справа была перададзена на новы судовы разгляд. Пад час яго высьветлiлася, што грамадзяне Ўкраiны перавозiлi збожжа законна, сплацiўшы ўсе падаткi й плацяжы як ў Расеi, гэтак i ў Беларусi. Што да памежнага статусу вёскi Дзiвiн, дык ён анiяк не пазначаны на аўтамабiльнай шашы i КамАЗ трапiў у гэты населены пункт цалкам легальна. Дарэчы, прадстаўнiкi расейскага калгасу, якiя дамагалiся вяртаньня сваёй машыны, сьцьвярджалi, што з адмысловым лiстом да суду зьвярнуўся губэрнатар Тамбоўскае вобласьцi, якi, у выпадку адмоўнага рашэньня ў гэтай справе, абяцаў паскардзiцца на дзеяньнi беларускiх памежнiкаў Аляксандру Лукашэнку. Але цяпер гэта выглядае залiшнiм: старшыня Маскоўскага суду Берасьця Вакульчык не знайшоў у дзеяньнях грамадзянаў Расеi i Ўкраiны складу злачынства i прыняў рашэньне, якое забавязвае вярнуць аўтамашыну i збожжа законным уладальнiкам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG