Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 сьнежня 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

Дваццаць дзяцей будуць сустракаць Новы год у Менскім абласным дзіцячым спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна. Сёньня нашая карэспандэнтка Любоў Лунёва наведала іх.

Начальнік дзіцячага спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка маёр Яўген Шыпіцын сустрэў мяне ў сваім службовым кабінэце. Падводзячы вынікі 2000 году, ён заўважыў, што колькасьць дзяцей, якія прайшлі праз гэтую ўстанову, паменшала з 880 летась да 660 сёлета. Маёр Шыпіцын тлумачыць гэта тым, што супрацоўнікаў міліцыі, якія мусяць займацца непаўнагадовымі, задзейнічалі ў ахове грамадзкага парадку пад час масавых акцыяў. Ім было не да беспрытульнікаў:

(Шыпіцын: ) "Акрамя таго, яшчэ й не хапае ці то транспарту, ці то паліва, і міліцыянты замест таго, каб адвозіць затрыманых падлеткаў у спэцпрыёмнік, папросту адпускаюць іх на вуліцу. Раней бывала па 8 дзяцей за ноч прывозілі, а цяпер у асноўным гэта маленькія правапарушальнікі, якіх этапуюць у спэцшколы і вучэльні. Канешне, мы дзяцей павіншуем з Новым годам. Вось, дарэчы, нам з Нямеччыны на каталіцкія каляды прывезьлі "гуманітарку" і мы кожнаму дзіцяці далі падарункі. Цацкі таксама былі ў пасылцы, але мы іх ня выставілі ў пакоі для гульняў, каб іх не зламалі", — распавёў маёр Шыпіцын.

Пасьля гэтага мне дазволілі сустрэцца з дзецьмі. У маленькім пакоі з закратаванымі вокнамі было дваццаць дзяцей ад пяці да шаснаццаці гадоў. Я задала ім толькі адно пытаньне: "Што такое для цябе Новы год?"…

…Дзьве 14-цігадовыя дзяўчынкі Алена й Наташа пачалі адказваць на пытаньне і, калі дайшлі да сьвяточнай елкі, раптам расплакаліся.

…Андрэй Горад з Украіны спадзяецца, што па ягоным прыедзе маці, і ён сустрэне сьвята дома.

…Ігар Слухоўскі паводле судовага рашэньня за крадзёж будзе адвезены ў спэцшколу:

(Ігар Слухоўскі: ) "У Новы год – шчасьця ўсім. Ну а мне будзе сумна… Да мяне сёньня мама прыехала. Яна размаўляла тут з адной жанчынай? і тая дазволіла ёй 31 сьнежня прыехаць. Патэлефанаваць адсюль я не магу… Я яшчэ ніколі не сустракаў Новы год у вязьніцы".

…13-цігадовы азэрбайджанец Саміт Аскераў:

(Самід Аскераў: ) "Паехаў з маці ў Маскву, каб зарабіць грошаў. А адтуль паехаў да свайго дзядзькі, які жыве ў Калінінградзе. Ехаў цягніком і мяне беларускія памежнікі зьнялі зь цягніка. Сказалі, што мне адному ехаць нельга. Дабраўся да Менску і спытаў у міліцыянтаў: як мне вярнуцца ў Маскву? Яны адказалі: зараз скажам. Але падманулі – пасадзілі ў машыну і прывезьлі сюды. Цяпер і ня ведаю – як адсюль выбрацца. Сказалі – буду сядзець 30 содняў, але я памру за гэтыя 30 содняў. Новы год буду сустракаць бяз маці, а вярнуцца да яе ў мяне няма грошаў. Усё чакаю, што за мной хтосьці прыедзе, але ніхто не прыяжджае".

Кіраўніцтва паведаміла мне, што гэтага хлопца яны вырашылі пратрымаць на ўсялякі выпадак, каб высьветліць, ці ня ўтойвае ён што-небудзь ад праваахоўных ворганаў, бо ён жа — асоба "каўкаскае нацыянальнасьці".

…Бацькоў маленькае Веранікі за п'янства пазбавілі бацькоўскіх правоў. Новы год яна ўпершыню сустрэне ня дома:

(Вэраніка: ) "Новы год для мяне сьвята, калі Дзед Мароз падарункі дорыць. Тут сустракаць Новы год ня хочацца. Дома ў мяне тата, мама…"

Маёр Шыпіцын на разьвітаньне паведаміў, што заўтра яны дазволяць дзецям паглядзець на елку, што стаіць у калідоры службовага памяшканьня. А 31 сьнежня дзеці паводле правілаў а 9-й гадзіне вечара будуць класьціся спаць. І ніякага выключэньня ня будзе.

Маленькія беспрытульнікі, якія засталіся на волі, хутчэй за ўсё, у навагоднюю ноч выйдуць з падвалаў і гарышчаў, каб паглядзець здалёк на Дзеда Мароза й паназіраць за вясёлымі натоўпамі ля ўпрыгожаных елак. Яны дакладна ведаюць, што да іх Дзед Мароз не завітае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG