Прыватная мэдыцына ў Беларусі разьвіваецца пакуль марудна. Як адзначалася сёньня ў Міністэрстве аховы здароўя на калегіі, прысьвечанай прыватнай практыцы і ліцэнзаваньню, сёлета толькі 15 адсоткаў недзяржаўных мэдычных ўстановаў падоўжылі тэрмін сваіх ліцэнзіяў. Да таго ж, мэдычныя чыноўнікі імкнуцца павялічыць кантроль дзяржавы над прыватнымі цэнтрамі і жадаюць дыктаваць ім свае ўмовы. Найбольш распаўсюджанымі сфэрамі прыватнай мэдыцыны ў Беларусі цяпер зьяўляюцца стаматалёгія, плястычная хірургія, уралёгія, наркалёгія і псыхатэрапія. Самыя папулярныя платныя паслугі – стаматалягічныя, яны складаюць 80-85 адсоткаў ад усіх недзяржаўных мэдычных установаў. Прыватная мэдыцына карыстаецца попытам у насельніцтва, бо ў недзяржаўных мэдычных цэнтрах няма чэргаў, гарантуецца якасьць паслугаў, пэрсанал заўжды ветлівы, існуе індывідуальны падыход да пацыентаў. Безумоўна, гэта каштуе грошай. Але цяпер і ў дзяржаўных лякарнях, каб атрымаць вартую мэдычную дапамогу, часта даводзіцца несьці падарункі альбо грошы. У 91 годзе ў Беларусі распачалося лізэнзаваньне мэдычнай дзейнасьці. Спачатку ліцэнзію выдавалі мясцовыя ўлады. Цяпер гэтым ужо пяць гадоў займаецца Міністэрства аховы здароўя. Усяго гэтая установа выдала 1726 ліцэнзіяў. Як адзначыў сёньня на калегіі Міністэрства аховы здароўя спэцыяліст Цэнтру экспэртызы і выпрабаваньняў Алег Леўшуноў, толькі 15 адсоткаў недзяржаўных мэдычных установаў з тых, што былі зарэгістраваныя пяць год таму, працуюць дагэтуль. Усе астатнія спынілі дзейнасьць. Распавядае Алег Леўшуноў. (Леўшуноў: ) "Калі летась дзяржаўныя ўстановы, якія атрымалі ліцэнзіі, складалі 57 адсоткаў у дачыненьні да недзяржаўных, то сёлета іх паболела – ўжо 61 адсотак. Таксама зьмяншаецца і колькасьць заяваў на атрыманьне ліцэнзіяў з боку недзяржаўных суб'ектаў гаспадараньня. Калі ў 98 годзе іх было – 284, то ужо сёлета – 186 ". Як распавёў Алег Леўшуноў, сёлета было анулявана 13 ліцэнзіяў, 26 ліцэнзіяў былі прыпыненыя за неадпаведнасьць пэўным стандартам. Цяпер ня маюць ліцэнзіяў на мэдычную дзейнасьць (але працуюць) і некаторыя дзяржаўныя мэдычныя ўстановы – Гомельскі інфэкцыйны шпіталь, санаторый "Баравое", Хоцімскі шпіталь, Менскі процісухотны дыспансэр № 1, Навукова-дасьледчы інстытут спадчынных і прыроджаных хваробаў. Адбылося гэта з-за пэўных парушэньняў. Напрыклад, у Хоцімску гарадзкія ўлады штодзень на некалькі гадзінаў адключаюць ваду, у некаторых шпіталях няма пральні і гэтак далей. Але калі дзяржаўнай мэдычнай установе за работу без ліцэнзіі нічога не пагражае (пакутуюць толькі пацыенты), то прыватны шпіталь можа быць пакараны – штрафам і нават крымінальнай адказнасьцю.
Міністэрства аховы здароўя пільна сочыць за прыватнымі лекарамі і імкнецца кантраляваць іх як мага больш жорстка. Як адзначыў падчас калегіі адзін з чыноўнікаў гэтай установы Аляксандар Цыбін, (цытую) "трэба захаваць за сабой права дыктаваць ім умовы".