Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 сьнежня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Лідэр Аб'яднанае Грамадзянскае партыі Анатоль Лябедзька зьвярнуўся сёньня з адкрытым лістом да кіраўніка Рады бясьпекі Ўрала Латыпава, старшыні КГБ Леаніда Ерына і міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава. Старшыня АГП просіць сілавікоў прывесьці канкрэтныя прыклады, якія пацьвярджалі б абвінавачваньне ў атрыманьні прадстаўнікамі беларускай апазыцыі стралковай зброі ды боезапасаў.

Прычынаю запыту Анатоля Лябедзькі да спадароў Латыпава, Ерына й Навумава стала інфармацыя, якая была агучаная ў апошнім выпуску праграмы дзяржаўнае тэлевізіі "Рэзананс". Паводле вядучага Зімоўскага, "правахоўнымі ворганамі й спэцслужбамі Беларусі ў апошні час было перахоплена каля 8 тысячаў адзінак стралковае зброі, амаль 110 тысячаў боезапасаў і каля 400 выбуховых прыстасаваньняў". У "Рэзанансе" таксама сьцьвярджалася, што ўся гэтая зброя быццам бы прызначалася для беларускай апазыцыі з мэтаю разьвязаньня ў краіне канфлікту малой інтэнсыўнасьці й ліквідацыі цяперашняе сыстэмы дзяржаўнае ўлады.

Паводле спадара Зімоўскага, гэтая зброя быццам бы прызначалася для арганізацыі нейкага дабрахвотнага апазыцыйнага корпусу аховы парадку. Вядучы "Рэзанансу" нават зрабіў спасылку на нейкую крыніцу ў кіраўніцтве Аб'яднанае Грамадзянскае партыі, паводле якой, лідэры апазыцыі, нібыта, гатовыя перайсьці да сілавых мэтадаў барацьбы.

У зьвязку з гэтымі абвінавачваньнямі, Анатоль Лябедзька папрасіў Урала Латыпава, Леаніда Ерына і Ўладзімера Навумава патлумачыць, ці валодаюць яны інфармацыяй пра атрыманьне беларускай апазыцыяй зброі ды боезапасаў. Калі маюць — спадар Лябедзька хацеў бы пачуць канкрэтныя прыклады, што пацьвярджалі б гэтыя сэнсацыйныя заявы.

Анатоль Лябедзька таксама просіць кіраўнікоў сілавых ведамстваў даць адназначны адказ на пытаньне: "Якую колькасьць гэтае зброі атрымала непасрэдна Аб'яднаная Грамадзянская партыя і ейныя сябры?"

Гаворыць Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) "Кантэкст выступу Зімоўскага – пералік вялікай колькасьці канфіскаванай зброі, абвінавачаньне апазыцыі ў падрыхтоўцы дзеяньняў сілавога кшталту і ўзгадваньне Аб'яднанай грамадзянскай партыі – гэта зроблена наўмысна. Таму мы хочам атрымаць афіцыйныя адказы з сілавых структураў (а я абсалютна перакананы, што такіх выступаў, такіх фактаў не існуе ў прыродзе), і пасьля гэтага мы, прааналізаваўшы сытуацыю, магчыма, будзем зьвяртацца ў суд".

Паведаміў нашаму радыё спадар Лябедзька.

Кіраўніцтва АГП таксама выступіла з адмысловай заяваю да жыхароў краіны, у якой гаворыцца, што ўлады пачалі буйнамаштабную кампанію дыскрэдытацыі апазыцыі. На думку лідэраў Аб'яднанае Грамадзянскае партыі, такім чынам прадстаўнікі прэзыдэнцкай адміністрацыі пачалі рэалізоўваць плян сілавога ўтрыманьня ўлады, які агучыў Аляксандар Лукашэнка пад час выступу на калегіі КГБ.

Апазыцыянэры не выключаюць, што неўзабаве ў Беларусі могуць, напрыклад, пачацца выбухі будынкаў, а адказнасьць за гэтыя тэракты ўскладуць на апазыцыю.

Анатоль Лябедзька паведаміў, што ён і ягоныя калегі будуць рабіць усё магчымае, каб выкрываць гэтыя правакацыі ўладаў, і даводзіць выбаршчыкам, што апазыцыя выступае за мірны шлях зьмены ўлады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG