Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 сьнежня 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

(эфір 15 сьнежня)
Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня актывізуе сваю дзейнасьць.

Віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету Генадзь Цярэня прапанаваў свой палітычны праект «Надзея XXI». Паводле спадара Цярэні, ягоны праект не разьлічаны на нейкую канкрэтную палітычную групу або партыю і ўяўляе сабою схэму дзеяньняў каманды любога з кандыдатаў на прэзыдэнцкіх выбарах 2001 году.

Канчатковым вынікам рэалізацыі «Надзеі ХXI», згодна з дакумэнтам, мусіць стаць правядзеньне ў Беларусі свабодных дэмакратычных выбараў, аднаўленьне канстытуцыйнае законнасьці, увядзеньне сыстэмы рэальнага стрымліваньня й супрацьвагі паміж галінамі ўлады. Прычым, на думку Генадзя Цярэні, гэтыя задачы можна вырашыць толькі на сутыку прагматычнае палітыкі ды сур'ёзнага бізнэсу. І пры міжнароднай падтрымцы.

З таго, што ўзгаданы дакумэнт патрабуе пэўнага аналізу й вывучэньня, сёньня яго вырашылі не абмяркоўваць. Аднак пэўныя рашэньні наконт актывізацыі працы дэпутатаў сёньня былі прынятыя.

Гаворыць Генадзь Цярэня:

(Цярэня: ) «Сёньня мы ўжо перайшлі ад крытыкі канструктыўнай да выкананьня нейкіх заўвагаў дэпутатаў, іх канкрэтных прапановаў. Справа ў тым, што мы вырашылі зьбірацца кожны месяц. Раней мы зьбіраліся раз на два месяцы. Тэмпература палітычная падаграецца, і дэпутаты лічаць, што нам зьбірацца трэба рэгулярна».

Гэта быў віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету Генадзь Цярэня.

Прэзыдэнцкая тэма гучала на паседжаньні ня толькі ў сувязі з праектам «Надзея ХХІ». Прэзыдыюм вырашыў падрыхтаваць на студзеньскі дэпутацкі сход праект адмысловага мэмарандуму, які тычыцца юрыдычных, палітычных ды іншых умоваў правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

Абмеркаваньню гэтага дакумэнту ў сваю чаргу будзе папярэднічаць правядзеньне «Круглага стала», на які, акрамя дэпутатаў будуць запрошаныя экспэрты, у тым ліку й замежныя. Цікава, што сярод іх мяркуецца ўбачыць экспэртаў зь Югаславіі, Баўгарыі ды некаторых іншых краінаў, дзе, на думку прэзыдыюму Вярхоўнага Савету, умовы правядзеньня прэзыдэнцкіх кампаніяў чымсьці нагадвалі беларускія.

І яшчэ адна важная падзея адбылася сёньня. Віцэ-сьпікер Генадзь Цярэня атрымаў даручэньне прэзыдюму ўдзельнічаць у якасьці назіральніка ў паседжаньнях Каардынацыйнае рады дэмакратычных сілаў. Гэта будзе ўпершыню.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG