Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 сьнежня 2000 г.


Юры Дракахруст, Прага

Мяркуецца, што сёньня Вярхоўны суд ЗША нарэшце вызначыць, хто ж быў абраны прэзыдэнтам краіны 7 лістападa.

Буш ці Гор – фактычна на гэтае пытаньне мусіць адказаць вышэйшы суд Амэрыкі, паставіўшы кропку на крызысе, які цягнецца ўжо больш за месяц. Фармальна суд дасьць адказ на іншае пытаньне: ці адпавядае закону пералік уручную бюлэтэняў, пададзеных за кандыдатаў у прэзыдэнты ў штаце Флярыда.

Учора прадстаўнікам кожнага боку было дадзена па 45 хвілінаў для выкладаньня сваёй пазыцыі. "Так, пералік законны і неабходны, голас ніводнага амэрыканца не павінны зьнікнуць," – даводзіў суду адвакат Эла Гора Дэвід Бойз. Справа ў тым, што з-за недакладнай формы бюлэтэняў адносна іх значнай колькасці лічільная машына ня можа вызначыць, за каго прагаласаваў адпаведны выбаршчык. Трэба глядзець на гэтыя бюлэтэні непасрэдна. Таму Вярхоўны суд Флярыды і пастанавіў правесьці пералік спрэчных бюлэтэняў уручную. Прадстаўнік Гора нагадваў, што паводле закону, выбарчае заканадаўства – прэрагатыва штатаў, і таму ня справа фэдэральных ворганаў, у прыватнасці Вярхоўнага суду, умешвацца ў рашэньні суду штату.

"Гэтае рашэньне незаконае, прыняўшы яго, суд Флярыды парушыў і законы штату, і Канстытуцыю ЗША," – сьцвярджаў адвакат Буша Тэадор Олсан. Ён спасылаўся на тое, што паводле закону вынікі выбараў у штаце мусяць быць падведзеныя ў тыднёвы тэрмін. З-за пераліку бюлетэняў, санкцыянаванага Вярхоўным судом Флярыды, яны не падведзеныя дагэтуль. Аргумэнт прыхільнікаў Гора пра падзел кампэтэнцыяў паміж федэральнымі і ворганамі ўлады штатаў сп-р Олсан аспрэчыў, нагадаўшы, што прэзыдэнт – адзіная службовая асоба, якая абіраецца ўсёй нацыяй, і таму спрэчка вакол рашэньня суда Флярыды – цалкам у кампэтэнцыі Вярхоўнага суду краіны.

На падставе пытаньняў, якія судзьдзі задавалі адвакатам бакоў, амэрыканскія газэты спрабавалі вызначыць, якім будзе судовае рашэньне. Падаецца, што больш шанцаў за тое, што мінімальнай большасьцю – 5 супраць 4 – судзьдзі адададуць перавагу Джорджу Бушу. Ёсьць і дадатковы аргумэнт на карысьць гэтага меркаваньня – у мінулую суботу Вярхоўны суд ЗША прыпыніў пералік галасоў у Флярыдзе: за спыненьне прагаласавалі 5 судзьдзяў, супраць – 4.
Калі Вярхоўны суд ЗША прыме рашэньне на карысць Буша, у справе будзе пастаўленая канчатковая кропка. Эл Гор яшчэ ўчора аб'явіў, што ў гэтым выпадку прызнае сваю паразу.

Што будзе, калі Вярхоўны суд ЗША вырашыць працягнуць пералік уручную сумніўных бюлетэняў – прадказаць цяжка. Справа ў тым, што сёньня ўступае ў дзеяньне новы канстытуцыйны чыньнік. Паводле Канстытуцыі, менавіта 12 сьнежня на падставе вынікаў усенароднага галасаваньня ў кожным штаце мусяць быць вызначаныя сябры калегіі выбаршчыкаў, якія і ажыцьцяўляюць канчатковае галасаваньне за прэзыдэнта.

Паколькі невядома, каму аддалі перавагу выбаршчыкі Флярыды, то невядома, з чыіх прыхільнікаў – Буша ці Гора – будуць сябры калегіі выбаршчыкаў ад Флярыды. Мясцовыя ўлады штату заяўляюць, што вытрымаюць канстытуцыйнае патрабаваньне і, калі сытуацыя застанецца няпэўнаю, самі вызначаць сябраў калегіі. І зразумела якіх: рэспубліканцы маюць ўстойліваю перавагу ў заканадаўчым сходзе штату, а губэрнатар Флярыды – родны брат кандыдата ў прэзыдэнты Джорджа Буша.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG