Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 сьнежня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Вышэйшы гаспадарчы суд працягнуў разгляд канфлікту вакол маёмасьці менскае недзяржаўнае друкарні "Мэджык". Арышт, накладзены ўладамі на гэтую маёмасьць, пакуль што застаецца ў сіле.

Сёньняшняе судовае паседжаньне распачалося з абвяшчэньня пра новага ўдзельніка канфлікту. 6 сьнежня гаспадарчы суд прыняў рашэньне пра тое, каб разблытаць гэты канфлікт паміж нью-ёркскім Інстытутам "Адкрытае грамадзтва" й падатковай інспэкцыяй Ленінскага раёну Менску з дапамогаю Беларускага фонду Сораса.

Аднак такі сцэнар разгляду судзьдзём Валерам Шобікам гэтак званае "справы "Мэджыку"" сёньня быў нечакана парушаны. Высьветлілася, што Фонд Сораса йснуе толькі на паперы, і прадстаўляюць ягоныя інтарэсы зараз няма каму. Сяргей Леўшуноў, які, меркавалася, зьяўляецца старшынём Назіральнае рады гэтай дабрачыннай арганізацыі, заявіў на паседжаньні, што на самрэч такіх паўнамоцтваў ня мае. Паводле ягоных словаў, гэтыя паўнамоцтвы, паводле статуту Беларускага фонду Сораса, скончыліся яшчэ летась.

Гаворыць Сяргей Леўшуноў:

(Леўшуноў: ) "Я ня маю права прадстаўляць інтарэсы Беларускага Фонду Сораса, аб чым я паведаміў, як прыватная асоба ў судзе. Але ён папрасіў мяне прыйсьці сёньня на працэс, каб пацьвердзіць тое ж публічна ў прысутнасьці суда і абодвух бакоў, што я і зрабіў".

(Карэспандэнт: ) "Ужо як прыватная асоба, як Вы бачыце пэрспэктыву разьвіцьця справы ў вышэйшым гаспадарчым судзе?"

(Леўшуноў: ) "З пункут гледжаньня закону тут няма ніякіх пытаньняў, я спадзяюся, што суд будзе карыстацца менавіта юрыдычнымі нормамі, а ня нейкімі палітыычнымі меркаваньнямі".

— зазначыў Сяргей Леўшуноў.

Судовая справа, зьвязаная з канфлікам вакол паліграфічнага абсталяваньня "Мэджыку", на сёньняшнім паседжаньні папоўнілася сустрэчным пазовам падатковай інспэкцыі Ленінскага раёну Менску да Інстытуту "Адкрытае грамадзтва" й Беларускага фонду Сораса. Фінансавыя ўлады настойваюць на тым, што абсталяваньне, якое выкарыстоўвае зараз друкарня "Мэджык", тры гады таму была незаконна перададзеная на балянс "Адкрытага грамадзтва".

Паводле меркаваньня экспэртаў, гэтая ініцыятыва разьлічаная на тое, каб Вышэйшы гаспадарчы суд прызнаў абгрунтаванымі дзеяньні падатковай інспэкцыі, якая 16 кастрычніка "арыштавала" маёмасьць "Мэджыку". Сяргей Леўшуноў гэтую ініцыятыву пракамэнтаваў нашаму радыё наступным чынам:

(Леўшуноў: ) "Я ня вельмі бачу сэнс у гэтым сустрэчным пазове, бо справа ідзе па сутнасьці аб адным і тым жа. Яны лічаць, што дамова паміж Беларускім Фондам Сораса і Інстытутам адкрытага грамадзтва быў несапраўдным. Я лічу, што гэта тактычна-працэсуальная ўлоўка, як кажуь, з боку падатковай інспэкцыі. Яна проста расьцягне працэс па часе".

— мяркуе Сяргей Леўшуноў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG