Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 сьнежня 2000 г.


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Сёньня 20 гадоў ад таго часу, калі куля Марка Дэйвіда Чэпмэна абарвала жыцьцё Джона Ленана – аўтара і выканаўцы шматлікіх песьняў легендарнага "Бітлз", які пасьля развалу гурта працягваў сваю творчасьць і гэткім чынам стаўся адной са знакавых фігураў сучаснай музычнай культуры. Творчасьці і асобе Джона Ленана прысьвечаныя шматлікія дасьледваньні, але сёньня мы кранем зусім яшчэ нечапаную тэму: Ленан і Беларусь. Гаворыць Сяржук Сокалаў-Воюш…

На маё пытаньне пра Джона Ленана адзін знаёмы адказаў: "Ленан, як і "Бітлз" – частка клясычнае спадчыны чалавецтва. Але я даўно ўжо ня слухаю гэтых песьняў. Што ж да тэмы Ленан і Беларусь, то наўрад ці тут можна што-небудзь сказаць".

І ўсё ж, мы згадваем Джона Ленана.

Джон Ленан не пасьпеў даведацца пра Беларусь. СССР разваліўся 8 сьнежня ў Віскулях – дакладна праз 11 гадоў пасьля ягонай сьмерці.

Джон Ленан не пасьпеў даведацца пра Беларусь. Апошнюю гітару вялікаму сьпеваку і кампазытару зрабіў вядомы радыёінжэнэр-вынаходнік Кеня Шэфэр, які ажаніўся з акторкай зь Беларусі Алай Клюкой ужо пасьля сьмерці гэнія.

Але Джон Ленан чуў Беларускія песьні. Іначай, як растлумачыць ягоныя словы, якія ён сказаў Джорджу Гарысану пра "Песьняроў": "З гэтым гуртом можна папрацаваць".

Зь іншага боку – Беларусь ведала Джона Ленана. Ад пачатку, гэта было напаўлегальнае праслухоўваньне запісаў гурту "Бітлз".

(музыка…)

Сьпяваў Джон Ленан… Працягнем нашую гаворку. Часы зьяўленьня сьпевака на тэрыторыі Беларусі ў выглядзе запісаў і паўтораў ягоных песьняў пад гітару я папрасіў прыгадаць вядучага Музычнай гадзіны Беларускага Дзяржаўнага радыё Сяргея Ахрамовіча.

(Сокалаў-Воюш: ) "Спадар Сяргей, як у вашае жыцьцё ўвайшоў Beatles і, у прыватнасьці, Джон Ленан?"

(Ахрамовіч: ) "Можа так, як і да ўсіх. Ён прыйшоў, калі мы былі маладымі, а я належу да таго пакаленьня, калі ўсё гэта было забаронена і таму выклікала цікавасьць. Калі я ўпершыню датыкнуўся да Beatles, я быў проста ўражаны. Але, ведаеце, я ўжо крыху маладзейшы чым тыя, хто вар'яцеў ад гэтага гурту".

(Сокалаў-Воюш: ) "Ці можам мы гаварыць на тэму Джон Ленан і Беларусь? Ці можам мы сказаць, што нехта або нагадвае яго паводле стылю, або працуе ў тым самым стылі, або нехта пачынаў як пасьлядоўнік Ленана? Ці ёсьць нейкія ўплывы Ленана на Беларускую музыку?"

(Ахрамовіч: ) "Асабіста я мяркую, што ўплывы Джона Ленана на Беларускую музыку ёсьць, бо Джон Ленан вельмі неардынарны чалавек і ня столькі як музыкант, але і як асоба, якая стварае поўны вобраз. Гэта мастак і таму – гэта стыль жыцьця і гэты стыль жыцьця, які належыў пакаленьню 60-ых, ніхто больш яскарава як Ленан не ўвасабляе. Таму, шмат хто яшчэ з тых часоў узводзіў Ленана ў куміры. І гэта былі ня толькі музыкі. Гэта былі, наагул, людзі культуры. Яны ўвабралі ў сябе ўсё, што даў калісьці і ў песьнях і ў манэры жыцьця праз сваё стаўленьне да яго Джон Лэнан.

Але зараз, каб сказаць, што нехта працуе і выкарыстоўвае музычныя напрацоўкі Ленана – зараз такога няма. Зараз у Беларусі гучыць больш сучасная музыка, і людзі, якія калісьці спрабавалі ўзыць некалькі акордаў на гітары і "прасьпяваць Джона Ленана," цяпер ужо ў сталым узросьце. Але яны зьбіраюцца і сьпяваюць гэтыя песьні дагэтуль. Я ведаю такіх людзей, якія ведаюць усё паводле акордаў. Калі яны зьбіраюцца разам і разам сьпяваюць гэтыя песьні. Яны раскладаюць іх на галасы, і гэта гучыць фантастычна. Але падобных канцэртаў у нас ня бывае. Але песьні гэтыя жывуць, і Ленан у гэтых людзей – першая асоба".

(Сокалаў-Воюш: ) "Ці ў вашых праграмах гучаць хоць раз на калі песьні Ленана?"

(Ахрамовіч: ) "Абавязкова".

(Сокалаў-Воюш: ) "Як вы чулі, мой суразмоўца Сяргей Ахрамовіч узгадаў між іншага і стыль жыцьця Джона Ленана, зь якога некаторыя заходнія крытыкі лепяць вобраз змагара-рэвалюцыянэра. Наўрад ці гэта цалкам адпавядае рэальнасьці. Калі Ленан і быў змагаром, то змаганьне гэтае было своеасаблівым".

(Тарас: ) "У 1969 годзе Джон Ленан зарганізаваў акцыю так званых "пратэстаў ў ложку", ськіраваную супраць вайны ў Віетнаме. Ён заклікаў моладзь ва ўсім сьвеце выступіць супраць вайны, застаючыся ў ложку і адрошчваючы даўгія валасы. "Ложак у якасьці арэхавай шкарлупіны прапагандаваў мір."

Ленан адстойваў камічны характар "ложкавага пратэсту:

(Ленан: ) "Перш за ўсё, мы робім людзей сьмешнымі – і гэта добра. Нашыя супраціўнікі, якімі б ні былі формы пратэсту, ня ведаюць як быць з гумарам. І мы маем значна большы шанец у такім выглядзе, бо ўсе сур'ёзныя людзі – такія як Марцін Лютар Кінг, Кэнадзі, Гандзі былі забітыя".

(Сокалаў-Воюш: ) "Падобных выпадкаў у жыцьці Джона Ленана было нямала. Але ўсе яны хутчэй не змаганьне, а спроба творча падыйсьці да арганізацыі гэтага сьвету, спроба злучыць жыцьцё і мастацтва, у якім могуць ня толькі суіснаваць, а й супрацоўнічаць "Бітлз" і "Песьняры", у якім брытанцы ці амэрыканцы будуць ведаць пра Беларусаў столькі ж, колькі Беларусы пра іх і ў якім войны, а нават і простыя забойствы можна будзе папярэджваць зусім не традыцыйнымі спосабамі. Напрыклад… сьмехам".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG