Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 сьнежня 2000 г.


Казімір Яноўскі, Гомельская вобласьць

Усяго тыдзень застаўся да закрыцьця Чарнобыльскай атамнай станцыі, выбух якой надоўга ўскладніў жыцьцё беларусаў, асабліва ў памежнай Гомельшчыне. Між тым, спыненьне станцыі таксама карэнным чынам памяняе жыцьцё і горада-спадарожніка Славуціч, дзе жыве шмат выхадцаў з Беларусі.

Паводле інфармацыі намесьніка дырэктара Чарнобыльскай атамнай станцыі Ўладзімера Камарова, зараз зь 5700 чалавек пэрсаналу станцыі выхадцы з Беларусі складаюць прыкладна пяць адсоткаў альбо 251 спэцыяліст. Шмат беларусаў працуе ў сфэры абслугоўваньня ў Славуцічы.

Паводле словаў спадара Камарова, дарэчы беларуса па матчынай лініі, у першы год закрыцьця станцыі вызвалена будзе ледзь ня тры тысячы чалавек, уключаючы і тых, хто заняты ў сацыяльнай службе Славуціча. Астатні пэрсанал у бліжэйшыя трынаццаць гадоў будзе займацца пераапрацоўкай вадкіх язерных адкідаў станцыі, а яшчэ так званым аб`ектам "Укрыцьцё" над разбураным чацьвертым блёкам іншай тэхнічнай працай. Тут жа будзе дзейнічаць адзіны ў сьвеце Цэнтар навучаньня тэхналёгіі спыненьня атамных станцыяў, якім ужо зацікавіліся спэцыялісты Ігналінскай АЭС Літвы і трох атамных станцыяў Швэцыі.

Але куды дзенуцца супрацоўнікі Чарнобыльскай станцыі, што зараз падпалі пад скарачэньне? Пра гэта цікаўлюся ў намесьніка старшыні гарадзкой Рады народных дэпутатаў Славуціча Аляксандра Лімкевіча, які паведаміў, што акурат учора Украінскі парлямэнт разглядаў адмысловую праграму сацыяльнай абароны насельніцтва.

Праграма сацыяльнай занятасьці накіравана перш за ўсё на тое, каб горад Славуціч быў больш прывабным рэгіёнам для насельніцтва. Важнае месца ў ёй займаюць сацыяльныя гарантыі і выплаты вызваленым спэцыялістам, захаваньне ўсёй інфраструктуры гораду, - сказаў намесьнік старшыні Рады дэпутатаў.

У Славуцічы, паводле праграмы, ствараюцца тры новыя прадпрыемствы, у тым ліку паліграфіі і выпуску абутку. Аляксандар Лімкевіч паведаміў таксама, што нягледзячы на пражываньне ў Славуцічы беларусаў і іх дзяцей, навучаньне на беларускай мове ў школе не вядзецца. Справа ў тым, што калі ствараецца школа з іншай мовай навучаньня, патрэбна замова грамадзкасьці. Замовы на стварэньне школы з беларускай мовай навучаньня, паводле словаў Аляксандра Лімкевіча, не было.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG