Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 сьнежня 2000 г.


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Былы галоўны рэдактар газэты Glos znad Niemna Андрэй Кусяльчук застаўся бяз працы. Новаму кіраўніцтву Саюза палякаў Беларусі спатрэбілася дзесяць дзён, каб спачатку пазбавіць яго пасады, а потым зусім звольніць з рэдакцыі.

Аб тым, што галоўны рэдактар будзе заменены, стала зразумела яшчэ на зьезьдзе Саюза, які адбыўся 18 і 19 лістапада. На ім быў абраны новы кіраўнік СПБ, якім стаў Тадэвуш Кручкоўскі. Дэлегаты наракалі, што ў газэце шмат пішацца пра Беларусь, пра дзейнасьць апазыцыі. А трэба, каб пісалася пераважна пра паездкі польскіх ансамбляў у Польшчу, пра сьпеўныя конкурсы, пра касьцёл.

На наступны дзень сабралася Галоўная рада СПБ, і без тлумачэньня прычынаў Андрэй Кусяльчук быў заменены на рэдактарскай пасадзе іншым супрацоўнікам – Андрэем Дубікоўскім. Прычым самога галоўнага рэдактара не запрасілі на пасяджэньне. Адразу пасьля гэтага Кусяльчука пачалі змушаць, каб ён напісаў заяву і звольніўся з рэдакцыі. Ён адмовіўся. Тады яго папярэдзілі, што зробяць гэта самі. Новы рэдактар сказаў яшчэ, што яго не задавальняюць некалькі іншых супрацоўнікаў – кандыдатаў на звальненьне.

Напачатку было вырашана сабраць у рэдакцыі подпісы супраць Кусяльчука. Аднак супрацоўнікі падпісацца адмовіліся. Тады яго абвінавацілі у паўгадзінным прагуле, хаця ён у гэты час браў інтэрвію ў польскага консула. Гэта было зроблена падставай для звальненьня. З пачатку сьнежня ён – беспрацоўны. Былы галоўны рэдактар намерваецца зараз абараніць свае правы праз суд.

Андрэй Кусяльчук закончыў Ягелонскі унівэрсытэт. За некалькі гадоў зрабіў Glos znad Niemna з унутрысаюзнага выданьня грамадзка-палітычнай газэтай дэмакратычнай накіраванасьці. Гэта шмат каму не падабалася. Яго таксама называлі чалавекам Гавіна – былога старшыні СПБ, што новаму кіраўніцтву таксама было недаспадобы.

Сам Тадэвуш Гавін па тэлефоне пракамэнтаваў мне звальненьне Кусяльчука наступным чынам. Ранейшае кіраўніцтва СПБ абвінавачвалі ў недэмакратызме. Але рэпрэсіі супраць былога галоўнага рэдактара сьведчаць пра тое, што аб дэмакратыі цяпер увогуле няма мовы. Улады прывялі да кіраўніцтва Саюзам палякаў сваіх людзей, – лічыць Гавін, – і яны хочуць замкнуцца ў сваім польскім гета і ня ўдзельнічаць у змаганьні за незалежную дэмакратычную Беларусь. Таму спадаром Гавіным вырашана стварыць унутры Саюза палякаў фракцыю "За незалежную Беларусь і дэмакратычныя рэформы".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG