Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 сьнежня 2000 г.


Уладзімер Кулажанка, Менск

(эфір 2 сьнежня)
Эканамічны агляд тыдня прафэсара Ўладзімера Кулажанкі.

Пакуль на самітах СНД рашаюцца праблемы адзінае эканамічнае прасторы й мытнае сыстэмы, інтэграцыйны працэс Беларусі й Расеі разьвіваецца не на карысьць Беларусі. Тое, што дэфіцыт гандлёвага балянсу з пачатку года ўжо перавысіў 1,3 млрд. даляраў, складваецца са шмат якіх адмоўных працэсаў. Так, сёлета, да прыкладу, расейскія бровары пачалі сапраўдную атаку на беларускі рынак. Маючы перавагу ў тэхніцы, сыравіне, у падаткаабкладаньні, коштах энэргіі, яны дамагліся скарачэньня вытворчасьці піва ў Беларусі на 15%, ці на 3 млн. даляў. Гэтую нішу запоўніла больш якаснае расейскае піва. Беларускі бюджэт на акцызе згубіў 25 млн. даляраў. У наступным годзе піўная вайна, на думку генэральнага дырэктара менскага бровару "Аліварыя" Міколы Дудко, стане яшчэ больш жорсткаю.

Беларусь згубіла свае первагі ў цэнах на харчовыя прадукты, што зьмяніла кірункі чаўночных і камэрцыйных плыняў. У мінулую восень Берасьцейская вобласьць наладзіла ў Маскве выставу-кірмаш прадукцыі прадпрыемстваў Прыбужжа. Масквічы раскуплялі трыкатаж, дываны ды іншы "шырспажыў". А вось мясныя ды рыбныя вырабы давялося везьці назад, бо берасьцейскія цэны аказаліся значна вышэй за маскоўскія.

У Клімавічах, Крычаве ды іншых гарадох Усходняе Беларусі поўна расейскіх тавараў. Прадаюцца хлеб, алей, мука, кандытарскія вырабы й крупы, бо ў Расеі яны часам удвая таньнейшыя. Так гандляры з Расеі прапаноўваюць бохан чорнага ці шэрага хлеба па 180 беларускіх рублёў, у той час як у нашых крамах такі хлеб каштуе 300 рублёў.

Жыхарам памежных гарадоў і вёсак выгадна купляць у Расеі ня толькі харчы, але й паліва. 1 літар бэнзыну 92 маркі ў Крычаве каштуе 560 беларускіх рублёў, а ў суседніх Шумячах Смаленскае вобласьці — 320 рублёў.

Пачаліся збоі ў гандлі з рэгіёнамі Расеі. Здаецца, нікуды так часта ня лётала беларускае начальства, як у Мурманскую вобласьць дзеля разьвіцьця супрацоўніцтва. А які вынік? Сёлета ў лістападзе расейскі бок скараціў пастаўкі апатытавага канцэнтрату для Гомельскага хімічнага заводу з 9 эшалёнаў у месяц да 2. Прычына простая — Беларусь не аплочвае прадукцыю. Раней можна было атрымаць крэдыт, а зараз крэдытаваньне стала немагчымым. Няма чым хваліцца й гандлёвымі сувязямі зь іншымі рэгіёнамі.

У амбасадзе Беларусі ў Маскве на ініцыятыву амбасадара Ўладзімера Грыгор'ева прааналізавалі сытуацыю ў гандлі й прыйшлі да высновы, што Масква, а не рэгіёны, мусіць стаць цэнтральным пляцдармам для вяртаньня беларускіх тавараў у Расею. Бо й цяпер менавіта праз расейскі цэнтар накіроўваецца ў рэгіёны каля паловы ўсіх тавараў, якія экспартуе Беларусь. Гэты працэс будуць рэгуляваць прыватныя камэрцыйныя арганізацыі, а не адміністрацыі рэгіёнаў. Таньнейшымі стануць перавозкі й хутчэйшаю аплата. Толькі беларускі бок мусіць арыентавацца не на адміністрацыйныя чыньнікі, як дагэтуль, а выключна на рынкавыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG