Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 лістапада 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

У газэце "Народная Воля" апублікаваны праэкт мэмарандуму прынцыпаў і мэтаў аб'яднанай дэмакратычнай апазыцыі. Паводле задумы аўтараў, гэты дакумэнт мусіць стаць плятформай дзейнасьці апазыцыйных сілаў на пэрыяд прэзыдэнцкіх выбараў.

Рашэньне ў выпрацоўцы праекту гэтага мэмарандуму было прынята на мінулым тыдні прадстаўнікамі Аб'яднанае Грамадзянскае партыі, партыі БНФ, БСДГ (Станіслава Шушкевіча), Асамблеі няўрадавых арганізацыяў ды некаторых іншых аб'яднаньняў, што ўваходзяць у Каардынацыйную раду дэмакратычных сілаў.

У гэтым праекце, вынесеным на ўсеагульнае абмеркаваньне, гаворыцца, што прадстаўнікі партыяў, прафсаюзаў і аб'яднаньняў, усьведамляючы сваю адказнасьць за лёс Беларусі, заяўляюць пра фармаваньне шырокае дэмакратычнае кааліцыі на базе Каардынацыйнае рады дэмакратычных сілаў. Галоўнай задачаю Аб'яднанай апазыцыі, паводле тэксту мэмарандуму, ёсьць перамога адзінага дэмакратычнага кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах. Асноўныя ж прынцыпы праграмы аб'яднанай апазыцыі — гэта аднаўленьне канстытуцыйнай законнасьці ў краіне, захаваньне правоў чалавека, умацаваньне незалежнасьці Беларусі, разьвіцьцё дэмакратычных інстытутаў, шырокае і раўнапраўнае міжнароднае супрацоўніцтва.

Дзеля чаго быў выпрацаваны праект гэтага мэмарандуму распавядае адзін з палітычных мэнэджэраў апазыцыі, намесьнік старшыні АГП Павал Данэйка:

"Апазыцыя ў Беларусі аб'яднаная. Асноўныя партыі маюць поўнае паразуменьне ў пляне стратэгіі і тактыкі дзеяньняў на бліжэйшы час. І гэта дае магчымасьць пашырыць кола ўдзельнікаў аб'яднанай дэмакратычнай апазыцыі. І мэмарандум — гэта тая аснова, на якую могуць абапірацца іншыя палітычныя партыі, групы ці NGO, што выказваюць падтрымку апазыцыі. Мэта мэмарандуму — пашырыць кола ды прыцягнуць новых суб'ектаў у дэмакратычную апазыцыю", — паведаміў Павал Данэйка.

Паводле ягоных словаў, тэарытычна да дэмакратычнай кааліцыі могуць далучыцца й прадстаўнікі Камуністычнае партыі (Сяргея Калякіна) і Лібэральна-Дэмакратычнае партыі, калі ў іх зьявіцца такое жаданьне. Дзеля стварэньня максімальна шырокага дэмакратычнага альянсу і было распачатае ўсеагульнае абмеркаваньне праекту мэмарандуму.

Лідэр Сацыял-Дэмакратычнае "Народнае Грамады" Мікола Статкевіч да зьяўленьня праэкту мэмарандуму ставіцца больш скептычна. Гаворыць Мікола Статкевіч:

(Статкевіч: ) "Каардынацыйная Рада не абмяркоўвала гэтае пытаньне. Сп.Шушкевіч завершыў паседжаньне Рады, пасьля гэтага прадстаўнікі нашай партыі сыйшлі. Прадстаўнікоў дзьвюх партыяў там наогул не было. Што там было – я ня ведаю. Я не магу даваць ніякіх камэнтароў па нейкаму дакумэнту, які няведама адкуль зьявіўся. Хаця сама ідэя аб'яднаньня мне вельмі падабаецца, я выступаю за самае шырокае аб'яднаньне."

Ён таксама паведаміў, што гатовы абмяркоўваць праэкт гэтага мэмарандуму са сваімі калегамі па Каардынацыйнай радзе дэмакратычных сілаў на паседжаньні 23 лістапада.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG