Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 лістапада 2000 г.


Штопанядзелак мы будзем даваць анонс найбольш цікавых культурных падзеяў на тыдзень. Сёньня пра тое, што чакаецца ў тэатрах, канцэртных ды выстаўных залях 13–19 лістапада.

Панядзелак
У Менску ў галярэі "La Sandr" (што разьмешчаная па вуліцы Сьвярдлова, 4) адчынілася экспазыцыя вядомага беларускага акварэліста Ўладзімера Рынкевіча. Выстава мае паэтычны назоў — "Пакуль расьце трава на Беларусі", які цалкам адпавядае зьместу выстаўленых твораў. А тыя нашыя слухачы, якія зараз знаходзяцца ў Нямеччыне ў Зямлі Паўночны Рэйн – Вэстфалія, гэтымі днямі могуць наведаць канцэрты Дзяржаўнага сымфанічнага аркестру Беларусі. Гастролі гэтага слыннага калектыву ў гарадох Эсэн, Золінгем і Дортмуд, завяршацца 15 лістапада.

Аўторак
Беларускі паэтычны тэатр аднаго актора "Зьніч" запрашае ў гэты дзень на два свае папулярныя спэктаклі: а 10-й пачнецца "Выгнаньне ў рай" паводле Н.Рапа, а 12-й — "Маленькі анёлак" паводле С.Кавалёва. І ў абодвух грае чароўная Галіна Дзягілева. Нагадаем, што тэатар працуе ў дольнай залі менскага Чырвонага касьцёлу.

Серада
У Пінску стартуе тур па Беларусі моладзевага (і ня толькі) рок-куміру — гурту "NRM". Акцыю ладзіць агэнцыя "Лінія гуку" ў падтрымку новага альбому музыкаў пад назовам "Тры чарапахі", а кампанія "Bulba Records" адмыслова дзеля туру выпускае касэтны варыянт альбому. Напрыканцы тыдня на музычным рынку краіны зьявяцца яшчэ дзьве навінкі зь лёгатыпам гэтае маладое гуказапісвальнае кампаніі — дыск слыннага фолькгурту "Тройца", а таксама сольны альбом лідэра гурту Івана Кірчука. Дзеля таго, каб творы "Тройцы" выйшлі нарэшце на радзіме, "Bulba Records" зрабіла адважны для пачаткоўцаў крок — выкупіла невыключныя сумежныя правы ў галяндзкай кампаніі, якая выпускала першы альбом беларускіх музыкаў, і які быў да гэтага недаступны беларускім слухачом.

Чацьвер
Да 80-годзьдзя Андрэя Макаёнка сталічны Дом літаратара ладзіць вечарыну памяці аднаго з самых папулярных беларускіх савецкіх драматургаў.

Пятніца
Адразу два міжнародныя музычныя фэсты распачынаюцца ў гэты дзень у Менску. На сцэне Дому афіцэраў канцэртам знанага ў многіх краінах беларускага ансамблю "Камэрата" адчыняецца трохдзённы джазавы фэст. А ў вялікай залі Філярмоніі праграмаю Дзяржаўнага сымфанічнага аркестру стартуе двухтыднёвая "Беларуская музычная восень". Канцэрты гэтага фэсту парадуюць слухачоў Берасьця, Горадні, Гомелю, Магілеву й Віцебску.

Субота
Спэктаклем "Сэкс па перапісцы" паводле п'есы таленавітага маладога драматурга Лявона Вашкі адчыняе свае гастролі на сцэне ДК Менскага аўтазаводу Абласны драматычны тэатар, які стала працуе ў Маладэчне. А выбітны драматычны рэжысэр Мікола Пінігін запрашае ў суботу на сваю опэрную прэм'ерную пастаноўку "Барыса Гадунова" на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатру опэры.

Нядзеля
З нагоды 90–годзьдзя асьвячэньня Чырвоны касьцёл распачынае дабрачынную акцыю пад назовам "Храм майго сэрца", у трохдзённай праграме якога канцэрты хрысьціянскае музыкі, духоўныя спэктаклі й містэрыі, выставы дзіцячых малюнкаў.

Анонс падрыхтавала
Валянціна Аксак, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG