Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 лістапада 2000 г.


Казімер Яноўскі, Гомель

Яшчэ да канца лістапада на беларуска–ўкраінскай мяжы ў Добрускім раёне мусіў быў быць адчыненны пункт спрошчанага пропуску грамадзянаў паміж беларускай вёскаю Андрэеўка і ўкраінскай Дзеравіны.

Першапачаткова плянавалася, што на тысячакілямэтровай мяжы паміж Беларусьсю і Ўкраінаю ўжо сёлета будзе адчынена 30 такіх пунктаў, зь іх 13 — на тэрыторыі Гомельскае вобласьці. Прынамсі, такое пагадненьне было дасягнутае летась у чэрвені паміж кіраўнікамі памежных ведамстваў Беларусі і Ўкраіны Аляксандрам Паўлоўскім і Віктарам Банных пад час сустрэчы ў пансіянаце "Залатыя пяскі" пад Гомлем.

Цяпер высьвятляецца, што на ўчастку Гомельскага памежнага атраду сёлета зьявіцца ня больш за тры пункты спрошчанага пропуску.

Распавядае начальнік атраду, палкоўнік Віктар Бутранец:

"Памежныя войскі ня ўзводзяць гэтыя пункты. Мы гатовы будзем паспачаць службу, калі мясцовыя раённыя выканкамы пабудуюць іх, абсталююць цяплом сьвятлом, тэлефонам. Мы прымем іх, выставім нарады — і яны адразу пачнуць працаваць", — сказаў палкоўнік Бутранец.

Наяўнасьць пунктаў, як бачым, цалкам залежыць ад мясцовых ворганаў улады. Але ў іх хапіла сродкаў толькі на тры такія пункты, аснову якіх, дарэчы, складаюць звычайныя бытовыя вагончыкі, вырабленыя ў Вілейцы.

Яшчэ два ці тры пункты спрошчанага пропуску жыхароў зьявіцца ў будучым годзе на мазырска-жытомірскім кірунку — і праграма іхнага будаўніцтва ў рэгіёне будзе скончаная. Улады лічаць, што гэтага дастаткова, каб не парываліся сваяцкія сувязі жыхароў памежных раёнаў Беларусі ды Ўкраіны.

Некаторыя чыноўнікі абласнога выканкаму наогул перакананы, што на памежныя пункты ня трэба прадугледжваць асаблівых выдаткаў. Маўляў, хутка Ўкраіна ўступіць у NATO, і Паўночнаатлантычны альянс прафінансуе будаўніцтва шыкоўных пераходаў і пунктаў на ўкраінска–беларускай мяжы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG