Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 лістапада 2000 г.


Сяргей Навумчык, Прага

Нягледзячы на тое, што сутыкненьні паміж палестынцамі ды ізраільскімі вайскоўцамі працягваюцца, прэм'ер-міністар Ізраілю Эхуд Барак і лідэр палестынскай аўтаноміі Ясір Арафат згодныя правесьці на гэтым тыдні сустрэчы з прэзыдэнтам ЗША Білам Клінтанам.

Сёньня Эхуд Барак скрытыкаваў Арафата за тое, што ён не прыкладае дастатковых намаганьняў дзеля спыненьня канфлікту на палестынскіх тэрыторыях. Ясір Арафат, у сваю чаргу, выступіў з ініцыятывай разьмясьціць на Заходнім беразе Ярдану і ў сэктары Газа міжнародныя міратворчыя сілы.

За апошнія тыдні абодва бакі, здавалася, зрабілі ўсё магчымае, каб "спаліць масты" і перавесьці мірны працэс у вобласьць фантазіяў. У вельмі складаным становішчы апынуўся Эхуд Барак, які разьлічвае на падтрымку рэлігійнай партыі ШАС.

Тым ня менш, паводле сацыёлягаў, большая частка ізраільскага насельніцтва выказваецца за мірнае вырашэньне канфлікту. Але нават пры гэтым 60 адсоткаў ізраільцянаў лічаць, што Арафат ня можа быць надзейным партнэрам па перамовах.

Іншага меркаваньня прытрымліваецца ляўрэат Нобелеўскай прэміі міру, экс-прэм'ер Ізраілю Шымон Пэрас, які бачыць у лідэра палестынскай аўтаноміі шчырае жаданьне спыніць кровапраліцьцё.

Гэтае меркаваньне Пэрас пацьвердзіў сёньня і пасьля сустрэчы ў Парыжы з прэзыдэнтам Францыі Жакам Шыракам. Пры гэтым вядомы ізраільскім палітык выказаў меркаваньне, што калі сустрэчы Арафата і Барака з Клінтанам будуць плённыя, зьявіцца магчымасьць і для правядзеньня двухбаковай сустрэчы прэм'ера Ізраіля і лідэра палестынскай аўтаноміі.

Сёньня стаў вядомы парадак спатканьняў у Вашынгтоне. У чацьвер прэзыдэнт Клінтан сустрэнецца з Ясірам Арафатам, а ў нядзелю – з Эхудам Баракам.

У той час, пакуль палітыкі рыхтуюцца да працягу перамоваў, сутыкненьні паміж ізраільцянамі і палестынцамі не спыняюцца. Мінулае начы палестынцы абстралялі некалькі блёкпастоў у сэктары Газа і на Заходнім Беразе Ярдану. Двое ізраільцянаў параненыя. Сёньня ж раніцай ізральскія вайскоўцы распачалі страляніну па групе палестынцаў, якія закідвалі іх каменьнем, чатыры палестынцы параненыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG