Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 лістапада 2000 г.


Юры Дракахруст, Прага

7 лістапада ў ЗША адбудуцца прэзыдэнцкія выбары. А як амэрыканцы абіраюць кіраўнікоў дзяржавы?

Праз чатыры дні Амэрыка вызначыць, хто будзе кіраваць краінаю на пачатку ХХІ стагодьдзя. У гэты дзень будзе пераабірацца таксама траціна сэнатараў – дэпутатаў верхняй палаты Кангрэсу і ўвесь склад Палаты прадстаўнікоў.

Прэзыдэнцкія выбары ў ЗША праводзяцца паводле даволі арыгінальнай сыстэмы. Выбаршчыкі кожнага штату абіраюць не непасрэдна кіраўніка дзяржавы, а сябраў калегіі выбаршчыкаў – 538 чалавек па ўсёй краіне. Колькасьць сябраў калегіі ад кожнага штату прапарцыйная колькасьці насельніцтва: напрыклад, ад Каліфорніі абіраецца 54 сябры калегіі, а ад Паўночнай Дакоты – толькі трое. 6 сьнежня абраныя сябры калегіі зьбяруцца ў сталіцах сваіх штатаў і прагаласуюць за свайго кандыдата. Прэзыдэнтам стане той, хто атрымае большасьць галасоў сябраў калегіі, гэта значыць, больш за 269 галасоў. І толькі 20 студзеня будучага году прэзыдэнт прынясе прысягу, і ў Белага дому зьявіцца новы гаспадар. Калі ж галасаваньне ў калегіі ня вызначыць пераможцу, прэзыдэнта абярэ ніжняя палата Кангрэсу з трох кандыдатаў, што набралі найбольшую колькасьць галасоў.

Асаблівасьць гэтай сыстэмы палягае ў тым, што кандыдату дастаткова набраць у пэўным штаце хаця б на адзін голас больш, чым яго супернікам, і ў калегію выбаршчыкаў ад гэтага штату трапляюць толькі яго прыхільнікі – сыстэма "пераможца атрымлівае ўсё". Таму ў прынцыпе можа здарыцца так, што кандыдат, які набірае менш галасоў шараговых амэрыканцаў, перамагае ў калегіі выбаршчыкаў.

У гісторыі Амэрыкі так двойчы і было: у 1876 годзе, калі з перавагаю ў адзін голас у калегіі выбаршчыкаў прэзыдэнтам стаў Раттэрфорд Гэйс, і ў 1888 годзе, калі Бэнджамэн Гарысан саступіў канкурэнту 95 тысячаў галасоў шараговых выбаршчыкаў, але атрымаў перавагу ў 65 галасоў ў калегіі. Даходзіла справа і да Палаты прадстаўнікоў. У 1800 годзе Джэфэрсан і Бэр набралі роўную колькасьць галасоў у калегіі, і Палата прадстаўнікоў толькі з 36-га галасаваньня аддала перавагу Джэфэрсану.

Чаму ў Амэрыцы прынятая такая дзіўная сыстэма абраньня кіраўніка дзяржавы? Варта прыгадаць, што першапачаткова краіна была саюзам дзяржаваў: штат – па-ангельску "state", гэта і ёсьць дзяржава. І таму бацькі-заснавальнікі, ствараючы Канстытуцыю, прыдумалі такі грувасткі парадак абраньня прэзыдэнта, каб забясьпечыць пэўныя правы штатаў.

Зразумела, зараз гэта ўжо ў большай ступені даніна традыцыі: ЗША – фэдэратыўная дзяржава. На працягу больш 200 гадоў было некалькі спробаў зьмяніць сыстэму абраньня прэзыдэнта на звыклы для нас парадак прамога абраньня насельніцтвам. Але парадак зьмены Канстытуцыі ў ЗША – вельмі складаны: папраўку мусяць ухваліць паасобку абедзьве палаты Кангрэсу, і заканадаўчыя сходы ня менш як трох чвэрцяў штатаў. Таму і зараз, напрыканцы ХХ стагодзьдзя, амэрыканцы абіраюць сваіх прэзыдэнтаў паводле той жа сыстэмы, паводле якой галасавалі іх продкі ў 1788 годзе пасля завяршэньня вайны за незалежнасьць.

Ня выключана, што і на гэты раз амэрыканская выбарчая сыстэма створыць чарговую казусную сытуацыю, хаця паводле апошніх сацыялягічных апытаньняў лідуе кандыдат рэспубліканцаў Джордж Буш, ягоны адрыў ад кандыдата-дэмакрата Ала Гора складае некалькі адсоткаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG