Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 лістапада 2000 г.


Казімер Яноўскі, Гомель

Камітэт чарнобыльскіх праблемаў Міністэрства надзвычайных сытуацыяў і Гомельскі абласны выканкам ладзілі ў Чачэрску сэмінар наконт арганізацыі радыяцыйнага кантролю малака ў прыватным сэктары.

Адмыслова да сэмінару ўвесь мінулы кастрычнік Чачэрскі раённы цэнтар гігіены ды эпідэміялёгіі актыўна правяраў малако ў прыватных гаспадарках вяскоўцаў. Дасьледавана за месяц 459 пробаў малака — у сярэднім у 4,5 разы болей, чым за кожны з папярэдніх дзевяці месяцаў. Статыстыка выйшла больш прыгожай — выяўлена толькі дзевятнаццаць пробаў малака зь перавышэньнем дапушчальнага ўзроўню радыяцэзію. Гэта крыху больш за 4 адсоткі.

Да кастрычніка перавышэньне радыяцэзію ў малацэ зь вясковых падворкаў рэгістравалася ў 12 адсотках пробаў.

Хітрасьць у афіцыйных зьвестках заключаецца ў тым, што пробы малака ўзяты там, дзе праблема са стварэньнем культуранае пашы для жывёлы вяскоўцаў больш-менш вырашана. Прынамсі, так гэтую мэтамарфозу патлумачыла радыёляг цэнтру гігіены Найля Амарава. Малако з найбольш забруджаных вёсак у кастрычніку проста не правяралася.

Чаму не вязуць яго сельскія Саветы, распавядае спадарыня Амарава: "Яны мусяць працаваць з калгасамі, але нам тлумачаць, што ня могуць у поўным аб'ёме даставіць малако ў цэнтар, бо ня маюць свайго транспарту, бэнзыну, людзей. Яны нават ня ў стане сабраць усе пробы, бо ў сельскім Савеце штат — старшыня ды сакратар", — сказала Найля Амарава. Паводле словаў радыёляга, праблемы з транспартам існуюць і ў санітарнай службы.

Між тым у такіх вёсках, як Палесьсе, што знаходзяцца на левабярэжжы Сожу, на асабістых падворках вяскоўцаў ставяцца своеасаблівыя рэкорды забруджанасьці малака. У ліпені на падворку Івана Зубарава наяўнасьць радыяцэзію ў малацэ склала 767 бекерэляў на літар — у 7,5 разоў больш "лагодных" беларускіх нормаў. Горшае малако выяўлялася толькі ў занава заселенай вёсцы Канатоп Нараўлянскага раёну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG