Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 кастрычнiка 2000 г.


Мікола Іваноў, Прага

Першая лэдзі ЗША - жонка прэзыдэнта Біла Клінтана Гіляры Клінтан - праводзіць актыўную перадвыбарчую кампанію ў штаце Ню Ёрк, дзе яна прэтэндуе па пасаду сэнатара. Амэрыканская грамадскасьць па-рознаму рэагуе на памкненьні Гіляры Клінтан заняць больш актыўную ролю ў палітыцы.

Нават да таго, як Гіляры Клінтан вырашыла балятавацца на пасаду сэнатара, яна была выразнай зьявай у амэрыканскай палітыцы. На працягу апошніх 8 год, калі яе муж займаў пасаду прэзыдэнта, яна выказвала куды большую палітычную актыўнасьць, чым іншыя амэрыканскія першыя лэдзі.

Але яе пастанова удзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах у штаце Нь Ёрк выклікала ў амэрыканскім грамадзтве амаль што сэнсацыю, а некаторыя нават разглядаюць яе дзеяньні як падрыхтоўку да будучага ўдзелу ў выбарах прэзыдэнта.

Робэрт Шапіра, прафэсар паліталёгіі Калюмбійскага ўнівэрсытэту ў Ню Ёрку лічыць, што гэты крок 53-гадовай Гіляры Клінтан зьяўляецца гарманічным працягам яе палітычнай кар'еры.

(Шапіра: ) "Нью Ёрк - вялікі штат і ён стварае добры фундамэнт для кандыдатаў, якія робяць кар'еру. Іншая прычына, чаму спадарыня Клінтан абрала Ню Ёрк, - яна разлічвае, што тут яе шанцы перамагчы самыя вялікія.

Галоўны праціўнік Гіляры на выбарах у сэнат 42-гадовы рэспубліканец Рык Лазыё, які прадстаўляў Ню Ёрк ў Палаце прадстаўнікоў амэрыканскага Кангрэсу на працягу апошніх 8 год. Лазыё ў свае перадвыбарчай кампаніі намагаецца маляваць вобраз Гіляры як чужачкі, якая ня будзе найлепшым чынам бараніць інтарэсы ню-ёркцаў у Сэнаце. І сапраўды, спадарыня Клінтан нарадзілася ў штаце Ільлінойс, пазьней жыла ў Арканзасе, дзе Біл Клінтан быў губэрнатрам. У Ню Ёрк жа яна пераехала напярэдадні выстаўленьня сваёй кандыдатуры.

Лазыё лічыць, што спадарыня Клінтан як палітык нягнуткая, што яна ня здольная ўзьняцца вышэй партыйных інтарэсаў і бараніць панадпартыйныя інтарэсы ню-ёркцаў. У адным са сваіх перадвыбарчых выступленьняў ён заявіў:

(Лазыё: ) "Ня важна, каго выбяруць. Ці будзе гэта прадстаўнік Рэспубліканскай ці Дэмакратычнай партыі, галоўнае, каб ён быў разумны і гнуткі, каб меў здольнасьць уздымацца над партыйнымі інтарэсамі і мог працаваць зь іншымі дзеля посьпеху агульнай справы".

Нягледзячы на вострую крытыку на адрас Гіляры Клінтан, паводле апытаньня грамадзскай думкі, яна лідарам, хаця і зь невялікім адрывам. Адзін з найбольш аўтарытэтных амэрыканскіх журналістаў, вэтэран газэты New York Post, Фрэд Дыкер тлумачыць яе папулярнасць сярод жыхароў Ню Ёрку наступным чынам:

(Дыкер: ) "Яна мае аўтарытэт. Гэта бясспрэчна. Гэтай вагі аўтарытэту як раз і не хапае Рыку Лацыё. Яму дагэтуль не ўдалася выпрацаваць такі аўтарытэт, які цяпер спрыяе спадарыне Клінтан".

Палітычны аўтарытэт Гіляры Клінтан толькі часткова можна растлумачыць пазыцыяй ейнага мужа. Пры кожнай нагодзе яна намагаецца падкрэсліваць сваю незалежнасць. Калі нядаўна дэлегацыя ЗША ўстрымалася ад голасу ў справе прыняцьця Радай Бяспекі ААН рэзалюцыі з асуджэньнем Ізраілю за празьмернае выкарыстаньне сілы на палестынскіх тэрыторыях, Гіляры заявіла, што Афрыка павінна была галасаваць супроць і накласьці вета на гэтую рэзалюцыю. Праўда, як сьцвярджаюць некаторыя аналітыкі, цяжка ад яе было чакаць нечага іншага, калі выстаўляеш сваю кандыдатуру ў штаце з амаль трохмільённым габрэйскім насельніцтвам.

Мае спадарыня Клінтан і сваю канцэпцыю замежнай палітыкі ЗША. У сваім выступленьні перад Ню-ёркскім Камітэтам Міжнародных адносінаў яна заявіла:

(Клінтан: ) "Я лічу, што нашая краіна ня можа дазволіць сабе быць выспай дабрабыту. Мы павінныя выкарыстоўваць свабодны гандаль і адкрытыя рынкі, каб павялічваць наша багацьце, але адначасна, каб узнімаць жыцьцёвы ўзровень у замежжы. Я таксама лічу, што гарантаваньне справядлівых умоваў працы, аховы навакольнага асяродзьдзя і празрыстасці міжнародных арганізацыяў павінна адбывацца адначасна з разьвіцьцём бізнэсу і гандлю".

Перадвыбарчая гонка паміж Гілары Клінтан і Рыкам Лазыё толькі адна з 34 канфрантацыяў на выбарах у Сэнат. Што два гады пераабіраецца траціна сэнатараў, тэрмін знаходжаньня якіх у кангрэсе 6 гадоў. Сёньня са 100 месцаў у вышэйшай палаце амэрыканскага кангрэсу 54 месцы кантралююць рэспубліканцы і толькі 46 -дэмакраты.

На выбарах дэмакраты спадзяюцца зьмяніць неспрыяльныя для іх суадносіны ў сэнаце. Сэнат адыгрывае ключавую ролю ў вонкавай палітыцы ЗША. Без ягонай згоды прэзыдэнт ня можа заключаць міжнародных дамоваў. Сэнат зацьвярджае міністраў, сябраў Вярхоўнага Суду і фэдэральных судзьдзяў, кіраўнікоў узброеных сілаў і іншых высокапастаўленых працаўнікоў амэрыканскай адміністрацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG