Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 кастрычнiка 2000 г.


Юры Сьвірко, Менск

На прэзыдэнцкія выбары ў дзяржаўным бюджэце 2001 году заплянавана выдаткаваць 12 мільярдаў рублёў, што ўтрая больш, чым на выбары ў "Нацыянальны сход". А вось падаходны падатак зь фізычных асобаў зьмяншаць усьлед за Расеяй беларускія ўлады не зьбіраюцца. Пра гэта паведамілі сёньня кіраўнікі Міністэрства фінансаў Беларусі.

Міністар фінансаў Мікола Корбут на абвешчаную прэсавую канфэрэнцыю не прыйшоў, але накіраваў туды ўсіх сваіх намесьнікаў. На маё пытаньне "Колькі грошай пойдзе ў наступным годзе на прэзыдэнцкія выбары?" адказаў адзін з намесьнікаў міністра — Уладзімер Амарын:

"Рост, па-першае, абумоўлены тымі паказьнікамі, якія мы выкарыстоўвалі пад час фармаваньні бюджэту — гэта інфляцыя ў першую чаргу ды падаражэньне паслугаў, зьвязаных з сувязьзю ды іншых", — паведаміў Уладзімер Амарын, намесьнік міністра фінансаў.

Прысутныя журналісты адразу зрабілі заўвагу: атрымліваецца, што інфляцыя на прадпрыемствах Міністэрства сувязі заплянаваная на узроўні 300 адсоткаў. Да таго ж, тэарэтычна выбары ў "Нацыянальны сход" мусяць быць значна даражэйшымі, бо выбіраюцца дзьве "палаты", у ніжнюю балятавалася больш як паўтысячы чалавек, і бюлетэні ў кожнай акрузе былі розныя. На прэзыдэнцкіх жа выбарах кандыдатаў будзе значна менш, і бюлетэнь для галасаваньня будзе адзіны для ўсяе краіны…

Чаму ж замест 4 мільярдаў рублёў (гэта каля 4 мільёнаў даляраў сёлета), у наступным годзе на выбары пойдзе 12 мільярдаў рублёў, або з улікам падвышэньня курсу валюты прыкладна 10 мільёнаў даляраў? Няўжо паслугі сувязі падаражэюць утрая?

Вось як адказаў на гэтую заўвагу намесьнік міністра фінансаў Анатоль Сьверж:

"Па лініі Міністэрства сувязі — яны маюць свае тарыфы, якія зьмяняюцца, і мы пры фармаваньні бюджэту не разглядалі кожны артыкул — умоўна, менавіта Міністэрства сувязі. Мы мелі адзіныя падыходы пры фармаваньні бюджэту паводле выдаткаў ды імкнуліся прадугледзець тыя асаблівасьці, што зьяўляліся ў 2000 годзе, пры фармаваньні бюджэту на наступны год", — сказаў намесьнік міністра фінансаў Анатоль Сьверж.

Яшчэ адзін намесьнік — Іван Шунько — распавёў пра стаўленьне афіцыйнага Менску да рашэньня зьменшыць падатак на даходы фізычных асобаў да стаўкі 13 адсоткаў.

(Шунько: ) "У нас па-ранейшаму 30 адсоткаў. Мы не рабілі зьменаў у законе пра падаходны падатак што да памеру ставак. Пакуль што мы ня робім зьменаў, аналягічных расейскім. З розных прычынаў — па-першае, і мы лічым, і спэцыялісты ў справах Расеі лічаць, што 13-адсоткавая стаўка — гэта не аптымальны варыянт, які можна цяпер прымаць. Па-другое, у Расеі зьмянілі стаўку падаходнага падатку ў бок зьмяншэньня й вельмі рэзка правялі скарачэньне колькасьці ільготаў.

Таму паўстае яшчэ сацыяльны чыньнік: а як жа быць з гэтымі пытаньнямі? У сувязі з гэтым ухваленае рашэньне пакуль што прапрацоўваць гэтае пытаньне, але так з-за пляча сячы па стаўцы ня варта", — заявіў спадар Шунько, намесьнік міністра фінансаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG