Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 кастрычнiка 2000 г.


Ягор Маёрчык, Менск

(эфір 18 кастрычніка)
Лідэры 7 моладзевых арганізацыяў заявілі пра стварэньне Кааліцыі. Яна мае на мэце падрыхтаваць моладзь краіны да ўдзелу ў будучых прэзыдэнцкіх выбарах. Новае аб'яднаньне таксама плянуе ўтварыць зь ліку сваіх актывістаў групы падтрымкі адзінага кадыдата ад апазыцыйных дэмакратычных сілаў.

2 мільёны жыхароў Беларусі — гэта людзі ў веку да 25 год. Паўтары мільёны зь іх маюць права голасу. І калі 70 адсоткаў прыйдзе на выбарчыя участкі, на што спадзяюцца лідэры Кааліцыі, дык галасы маладое генэрацыі змогуць адгуляць вырашальную ролю ў абраньні новага прэзыдэнта.

Менавіта такія арыфмэтычныя і стратэгічныя разьлікі, а таксама хада выбараў у гэтак званую «Палату прадстаўнікоў», падштурхнулі кіраўніцтва Маладое Грамады, Моладзевага Хрысьціянска-Сацыяльнага саюзу, Асацыяцыі маладых прадпрымальнікаў, Маладога Фронту, Задзіночаньня беларускіх студэнтаў, Беларускай Асацыяцыі маладых палітыкаў і моладзевай структуры Аб'яднанае Грамадзянскае партыі ўтварыць Кааліцыю моладзевых арганізацыяў.

Згаданыя арганізацыі на прэзыдэнцкіх выбарах мяркуюць працаваць на карысьць агульнага кандыдата ад дэмакратычных сілаў, калі такі будзе вылучаны.

Старшыня Моладзевага Хрысьціянска-Сацыяльнага саюзу Кірыл Ігнацік такой бачыць ролю моладзі ў змаганьні за дэмакратычныя пераўтварэньні:

(Ігнацік: ) "Далей мы будзем праводзіць шэраг акцыяў, якія будуць сьведчыць асноўныя ідэі, за якімі павінна будзе пайсьці моладзь – гэта шлях у Эўропу, гэта шлях да свабоды, гэта фактычна дэмакратычнае існаваньне гэтай дзяржавы. Мы будзем намагацца, каб нашая моладзь сказала сваё "так" дэмакратыі і "не" аўтарытарызму".

Перамены да лепшага лідэры Кааліцыі зьвязваюць з абуджэньнем грамадзкае сьвядомасьці. У тым ліку, і ў моладзевым асяродку. Сёньня на прэсавай канфэрэнцыі, прысьвечанай утварэньню Кааліцыі, прагучала цьвёрдая заява пра намер дэмакратычных моладзевых арганізацыяў больш шырока ўплываць на вясковую і працоўную моладзь.

Лідэраў Кааліцыі натхняе актыўны чын моладзі Югаславіі ў зьмене свайго прэзыдэнта. Кірыл Ігнацік працягвае:

(Ігнацік: ) "Калі перад імі паўстала пытаньне выбару – жыць далей пры рэжыме, які існаваў, або дамагчыся пераменаў – амаль 90 працэнтаў моладзі прагаласавала за новага прэзыдэнта Югаславіі".

Першым супольным дзеяньнем беларускіх маладых апазыцыянэраў мусіць стаць маніфэстацыя пад назовам "Моладзь прагне пераменаў", якую плянуецца правесьці ў Менску 12 лістапада. Сёньня прадстаўнікі Кааліцыі моладзевых арганізацыяў цьвёрда заявілі, што акцыя адбудзецца ў цэнтры гораду, а не на пляцы Бангалёр, які Павал Севярынец назваў "узбочынаю вулічнае дэмакратыі".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG