Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 кастрычнiка 2000 г.


Ганна Навумовіч, Менск

Адстаўка ўсяго кіраўніцтва дзяржаўнага камітэту авіяцыі — адна з найбольш загадкавых падзеяў апошняга часу, паколькі многія ведаюць, што кіраўнік камітэту Рыгор Фёдараў меў вельмі добрыя стасункі з Аляксандрам Лукашэнкам…

Акрамя кіраўніка Дзяржаўнага камітэту авіяцыі, у адстаўку адпраўлены ягоны намесьнік Васіль Ермаковіч, а таксама памочнік былога старшыні камітэту авіяцыі.

Сакратарка камітэту авіяцыі чамусьці сказала карэспандэнтцы Свабоды, што размаўляць пра адстаўкі яшчэ рана, нягледзячы на тое, што пра іх ужо афіцыйна паведамлена на тэлевізіі. Нам удалося зьвязацца з Васілём Ермаковічам, які змог толькі сказаць, што яму няма чаго дадаць да тэлевізійнага паведамленьня.

Афіцыйнай інфармацыі няшмат. Вядома, што камісія, якая рабіла спраўджаньне дзейнасьці камітэту, працавала працяглы час. Пра вынікі дзейнасьці камісіі коратка паведаміў супрацоўнік ураду Генадзь Бальцэвіч. Ён распавёў, што праца кіраўніцтва дзяржаўнага камітэту была нездавальняючай і што гэта адбілася на стане прадпрыемстваў, аэрапортаў і паветранага парку. Тэхніка ў дрэнным стане, і кіраўніцтва камітэту не рабіла актыўных захадаў дзеля паляпшэньня сытуацыі.

Генадзь Бальцевіч сказаў: "статыстыка за апошнія некалькі гадоў сьведчыць, што кіраўніцтва камітэту не знайшло эфэктыўных мэтадаў працы". Паводле інфармацыі Свабоды, яшчэ некалькі гадоў таму ўрадавая праверка паказала, што авіяцыйныя прадпрыемствы, якія займаюцца перавозкамі пасажыраў, карыстаюцца састарэлай зношанай тэхнікаю. Яшчэ ў 97-м годзе сярэдні знос у розных тыпах самалётаў Ту-134 складаў 84 адсоткі.

Акрамя таго, у беларускай прэсе зьяўляліся публікацыі наконт фінансавых злоўжываньняў Рыгора Фёдарава на пасадзе старшыні камітэту й кіраўніка Беларускае фэдэрацыі футболу. Згодна зь інфармацыяй нашага радыё, у спадара Фёдарава былі вельмі дрэнныя стасункі з КГБ, і вялікую частку кампрамату ў прэсу перадавала менавіта гэтае ведамства. Аднак, паводле словаў прадстаўнікоў ураду, гэтыя дадзеныя не ўвайшлі ў вынікі праверкі авіяцыйных прадпрыемстваў, бо імі мусяць займацца сьледчыя ворганы.

У прыватных размовах Фёдараў яшчэ на мінулым тыдні распавядаў пра тое, што мае намер сыйсьці ў адстаўку. Цікава, што адстаўка Рыгора Фёдарава ў часе супала зь візытамі Лукашэнкі ў Казахстан і Кыргызію. Акрамя Фёдарава быў звольнены кіраўнік, які займаецца забесьпячэньнем адмысловых рэйсаў. Ня выключана, што пад час візыту былі нейкія тэхнічныя складанасьці, аднак журналісты, якія лёталі разам з Лукашэнкам, нічога не заўважылі…

Ва ўрадзе пакуль ня ведаюць, хто будзе ўзначальваць камітэт пасьля Рыгора Фёдарава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG