Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 кастрычнiка 2000 г.


Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць

У вёсках Камянецкага раёну агітатары за дэпутата цяперашняй Палаты Аляксандра Зінчанку раздалі выбаршчыкам грэчку, муку ды цукар

Белавеская выбарчая акруга нумар 7, якая аб'ядноўвае тэрыторыю Камянецкага і частку Пружанскага раёнаў Берасьцейскай вобласьці ў свой час была адзінай у Беларусі, дзе на момант заканчэньня рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, адсутнічала альтэрнатыва.

Адзіным кандыдатам зарэгістраваны дэпутат цяперашняй Палаты Аляксандар Зінчанка. Мясцовыя чыноўнікі нават не хавалі таго, што атрымалі загад зрабіць усё для ягонае падтрымкі.

Спатрэбілася ўмяшаньне Цэнтарвыбаркаму, каб у кандыдата ад улады зьявіўся хоць адзін канкурэнт. Ім стаў прадстаўнік Партыі камуністаў беларускай Георгі Разанка.

Але гэта не зьмяніла стаўленьне мясцовай вэртыкалі да перадвыбарчай кампаніі. Агітацыя ў гэтай акрузе нагадвае гульню ў адну браму. У мясцовым дзяржаўным друку фактычна зьяўляюцца толькі матэрыялы ў падтрымку Зінчанкі.

Чытачам нагадваюць, што ён, маючы пасаду старшыні бюджэтнае камісіі Палаты, паклапаціўся пра асфальтаваньне дарогаў, рамонт школаў, забесьпячэньне будматэрыяламі і нават дамовіўся зь кіраўніцтвам Нацбанку аб выдзяленьні 1 млрд. рублёў на заканчэньне рэканструкцыі кацельні ў Ружанах.

Напярэдадні выбараў у населеных пунктах Камянецкага раёну, у прыватнасьці, у вёсках Беразьнікі, Шчэрбава, Роні зьявіліся агітатары за сп. Зінчанку. Пэнсіянэрам раздалі па некалькі кіляў грэчкі, мукі і цукру. І яшчэ раз нагадалі, за каго трэба галасаваць. Таму мясцовыя жыхары не сумняюцца, што вынікі выбараў у гэтай акрузе – прадвызначаныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG