Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 кастрычнiка 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

Грамадзкае аб'яднаньне БНФ "Адраджэньне" падало заяўкі на правядзеньне шэсьця й мітынгу з нагоды дня памяці продкаў "Дзяды".

"Ад 1988 году беларусы ўшаноўваюць памяць забітых ва ўрочышчы пад Менскам сотняў тысячаў бязьвінных ахвяраў бальшавіцкага гэнацыду. Масавае пакланеньне ля гэтых магілаў ладзіцца на восеньскія Дзяды. Традыцыя ня будзе парушаная і сёлета", — сказаў мне выканаўца абавязкаў старшыні грамадзкага аб'яднаньня БНФ "Адраджэньне" Юрась Беленькі.

Спадар Беленькі разам з адказным сакратаром управы аб'яднаньня Анатолем Крываротам падпісалі заяўкі ў Менскі гарадзкі ды абласны выканкамы на правядзеньне шэсьця ў Курапаты й мітынгу-рэквіему там. Такія ж заяўкі зьбіраюцца падаць сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі спадары Юхо й Новік.

Летась менскія ўлады забаранілі жалобнае шэсьце на Дзяды, дазволіўшы толькі мітынг. Што мяркуюць рабіць арганізатары ў выпадку, калі сёлета забарона паўторыцца? Гаворыць Юрась Беленькі:

(Беленькі: ) "Кожны год беларусы, якія яшчэ маюць гонар і сумленьне, адзначалі гэтае сьвята. Так будзе і ў гэтым годзе. У якой формсе, як – гэта ўжо пабачым".

Паколькі Дзень памяці продкаў "Дзяды" 2 лістапада за часам прэзыдэнцтва Лукашэнкі скасаваны як непрацоўны, дык арганізатары плянуюць правядзеньне памінальных імпрэзаў у нядзелю 29 кастрычніка. Пачатак збору ўдзельнікаў абвешчаны на палову дванаццатай каля галоўнага корпусу Нацыянальнай акадэміі навук. Адкуль роўна апоўдні пачнецца шэсьце па праспэкце Скарыны ў кірунку Курапатаў. Мяркуецца, што яно будзе доўжыцца тры гадзіны і а 15-й у Курапатах пачнецца двухгадзінны мітынг-рэквіем.

Прыкладна месяц таму некалькі грамадзкіх арганізацыяў выказалі ідэю ўсталяваньня крыжоў над кожнай курапацкай магілаю. Ці далучаюцца да гэтай ідэі арганізатары сёлетніх "Дзядоў" у Курапатах? Гаворыць прэсавы сакратар Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі Валеры Буйвал.

(Буйвал: ) "Паводле хрысьціянскай традыцыі, як вось і на Грабарцы на Беласточчыне, як і ў Летуве ёсьць такое месца – гара крыжоў. Чым больш крыжоў, тым лепш. І можа быць варта было б такое сьвятое месца, крыжовае месца ўтварыць менавіта ў Курапатах у Беларусі. Мы б такую ідэю падтрымалі".

Але пакуль гэтая ідэя будзе ўвасобленая, арганізатары "Дзядоў" запрашаюць напярэдадні Дня памяці прыбраць магілы ў Курапатах, як гэта зазвычаена ў народзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG