Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 кастрычнiка 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Байкатаваць выбары 15 кастрычніка заклікаў сваіх сяброў Свабодны прафсаюз. Пра гэта ягонае кіраўніцтва абвесьціла сёньня на прэсавай канфэрэнцыі.

Нэгатыўнае стаўленьне Свабоднага прафсаюзу да ўдзелу ў выбарах 15 кастрычніка, як вынікае з тлумачэньня ягонага лідэра Генадзя Быкава, сталася наступствам двух фактараў. Па-першае, гэта тлумачыцца антыпрафсаюзнай палітыкаю ўладаў.

Гаворыць Генадзь Быкаў:

(Быкаў: ) "Калі ты ў свабодным прафсаюзе, цябе выгнаць могуць. А калі толькі ствараецца структура – гэта вельмі вялікія праблемы ў людзей, бо тут вялікі ціск. Вось, напрыклад, на "Хімвалакне" у Горадні ў вочы кажуць: "Вось табе два тыдні. Альбо з прафсаюза выходзіш…" Ёсьць заявы гэтых людзей", — зазначыў Генадзь Быкаў.

Па-другое, Свабодны прафсаюз, паводле словаў Генадзя Быкава, зьяўляецца адным з ручаёў агульнадэмакратычнага руху краіны:

(Быкаў: ) "Свабодны прафсаюз рабіў так, як рабіў Кангрэс дэмакратычных сілаў і Рада дэмакратычных партыяў. Нашая пазыцыя такая. Мы ня ўдзельнічаем у выбарах. Прафсаюзы наогул не павінныя ніякіх прадстаўнікоў туды пасылаць, нельга, каб дэпутаты ад прафсаюзаў былі. Другі пункт – мы адразу сказалі, што мы будзем удзельнічаць у назіраньні за выбарамі. Вось нашая пазыцыя па выбарах".

(Карэспандэнт: ) "Якім чынам вы зьбіраецеся назіраць за выбарамі?"

(Быкаў: ) "Мы дэлегуем прадстаўнікоў Свабоднага прафсаюза на ўчасткі. Мы зрабілі памятку-інструкцыю як сябе паводзіць. У адрозьненьне ад іншых арганізацыяў, наш прынцып такі – дзе жывеш, дзе галасуеш – той участак бярэш", — зазначыў лідэр Свабоднага прафсаюзу.

Дарэчы, паводле прафсаюзных крыніцаў, улады зараз прыкладаюць шмат намаганьняў, каб уцягнуць у выбарчую кампанію працоўныя калектывы. Пра сытуацыю на менскім заводзе аўтаматычных лініяў распавёў нашаму радыё лідэр мясцовае суполкі Свабоднага прафсаюзу Міхал Вотчыц:

(Вотчыц: ) "У нашай калектыўнай дамове напісана, што ўсялякія палітычныя акцыі ці палітычная дзейнасьць на прадпрыемстве забароненая. Таксама забароненая агітацыя па выбарах. Але працаўнікі заводу ўдзельнічаюць у працы выбарчых участковых камісіяў, ёсьць прадстаўнікі заводу ў акружной камісіі, ходзяць па хатах, зьбіраюць сьпісы выбаршчыкаў. Мабыць, хтосьці і агітуе дзесьці ходзіць. Мы агітуем за байкот, іншыя агітуюць за выбары. Дарэчы, у нас на заводзе працуе старшыня акруговай камісіі. Большасьць, з кім я размаўляю, ходзячы па заводзе, на выбары ня пойдзе. Большасьць", — паведаміў старшыня Свабоднага прафсаюзу заводу аўтаматычных лініяў Міхал Вотчыц.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG