Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 верасьня 2000 г.


(эфір 23 верасьня)
Прадстаўнікі аб'яднанай апазыцыі арганізавалі сёньня ў Менску шэсьць сустрэчаў з выбаршчыкамі, каб патлумачыць людзям сваю пазыцыю адносна восеньнскіх выбараў у гэтак званую "палату прадстаўнікоў". Наш карэспандэнт наведаў адну з такіх сустрэчаў, каб высьветліць ці падтрымліваюць грамадзяне ідэю байкоту выбараў.

Сустрэча апазыцыянэраў з выбаршчыкамі каля станцыі мэтро "Інстытут культуры" доўжылася прыкладна паўтары гадзіны. Арганізатары акцыі разгарнулі традыцыйны транспарант "Байкот-2000" і раздавалі мінакам спэцвыпуск "Народнай волі". Людзі газэты бралі ахвотна, але ў дыскусіі з апазыцыянэрамі амаль не ўступалі. Я пацікавіўся ў мінакоў: "Ці падтрымліваюць яны ідэю байкоту выбараў?", і вось якія атрымаў адказы:

(Жаночы голас: ) "Шчыра кажучы, ня ведаю. У мяне пакуль іншыя праблемы.У кожным выпадку, я не за наш урад, бо тое, што яны абяцалі, таго мы не атрымалі. Хаця б дапамогу маленькім дзецям".

(Мужчынскі голас: ) "Ня ведаю, як гэтая сытуацыя будзе разьвівацца. У мяне занадта шмат праблемаў, каб траціць намаганьні або ў абароны апазыцыі, або ў абарону ўлады".

(Жаночы голас: ) "За байкот – нельга, бо мы жывем у такой краіне, што трэба выбіраць, але чалавека дастойнага".

(Мужчынскі голас: ) "Станоўча. Без тлумачэньняў".

(Мужчынскі голас: ) "Я супраць гэтага. Трэба ісьці на выбары, бо нічога ня зьменіцца ў гэтай краіне, калі мы будзем адседжвацца за сьпінай у некага".

(Мужчынскі голас: ) "Няясна, за каго галасаваць. Няма лідэра. Лідэры ўсе на выгнаньні. Я наўрад ці пайду на авыбары".

(Жаночы голас: ) "Нашыя выбары будуць як заўсёды незаконныя. Я буду галасаваць, але не пераканая, што мой голас пойдзе за таго, за каго я прагаласавала".

(Жаночы голас: ) "Мы пойдзем"ю

(Жаночы голас: ) "Мы за Лукашэнку".

(Жаночы голас: ) "А што толку ісьці. Усё роўна нічога ня зьменіцца. Заробкі малыя, цэны вялікія. Паспрабуй пражыві з малым дзіцяцем".

(Мужчынскі голас: ) "Калі падумаць, дык Лукашэнка імкнецца, змагаецца…Яму аднаму справіцца вельмі цяжка".

(Жаночы голас: ) "Я ня ведаю…"

(Мужчынскі голас: ) "Што Вы, пакараюць нас… Зьнішчылі некалькі вядомых, а тут простага ня зьнішчаць…"

(Мужчынскі голас: ) "Гэта ня выхад – выбары…"

(Мужчынскі голас: ) "Слаба дзейнічае апазыцыя, не чуваць яе ні па радыё, ні па тэлевізары. Не даюць…"

Як бачна, адзінай думкі ўдзельнічаць у выбарах ці не ў людзей няма. Пры гэтым многія выбаршчыкі казалі, што хаця й падтрымліваюць ідэю байкота, тым ня менш на выбары пойдуць.

За правядзеньнем гэтага апытаньня назірала дэпутат Вярхоўнага Савету Людміла Гразнова. Вось яе кароткі камэнтар:

(Гразнова: ) "Яны проста ня маюць інфармацыі. Яны нешта чулі апошнія дні, яны яшчэ не перастрававалі гэтую інфармацыю, яны яшчэ не абгаварылі з суседзямі, з роднымі. Я думаю, што гэта першая рэакцыя на байкот і неразуменьне сытуацыі. Патрэбны час".

Сустрэчам апазыцыі з выбаршчыкамі міліцыя сёньня не перашкаджала, хаця паводле некаторых зьвестак у раёне пляцу Якуба Коласа была затрыманая актывістка Галіна Куніна, якая раздавала мінакам спэцыяльны выпуск "Народнай волі".

Альгерд Невяроўскі, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG