(эфір 23 верасьня)
Усё больш насельнікаў Барысава далучаюцца да патрабаваньняў калектыўнага ліста да Аляксандра Лукашэнкі. Ліст гэты падпісалі 22 сям'і. Яны інфармуюць кіраўніка дзяржавы пра свой няўдзел у выбарах у гэтак званую "Палату прадстаўнікоў" і пра адмову плаціць за камунальныя паслугі, калі толькі гарадзкія ўлады не ліквідуюць да 15 кастрычніка у іхных кватэрах застарэлыя будаўнічыя недаробкі. З гэтае нагоды філія БСДП "Народная Грамада" зараз праводзіць у сваім горадзе адмысловы маніторынг. Згаданая маніторынгавая група за некалькі дзён сваёй працы апытала блізу паўтысячы землякоў і прыйшла да высновы, што абсалютная бальшыня далучаецца да патрабаваньняў нядаўняга калектыўнага ліста жыхароў дома № 50 "А" з вуліцы Гагарына. Гаворыць кіраўнік групы, актывіст філіі БСДП "Народная Грамада" Сяргей Сакалоў: "Напрыклад, у доме № 1 вуліцы 50 год БССР людзі скардзяцца на тое, што зараз, калі пачаліся восеньскія дажджы, ім у кватэры трапляе вада праз шчыліны паміж падваконьнем і сьценамі. А ў доме № 50 на вуліцы Гагарына, як і ў суседнім доме 50 "А", працякаюць сьцены на стыках бакавых панэляў, а таксама цячэ вада праз столь. На верхнія паверхі не даходзіць пітная вада. Гарачая вада бывае чатыры дні на тыдзень і тое не заўсёды. Таму нам жыхары шчыра казалі, што яны галасаваць за кандыдатаў у дэпутаты ня пойдуць.:Гэткі ж настрой ёсьць і ў насельнікаў прыватнага сэктару Барысава. Напрыклад, жыхары вуліцы Сянная ды іншых прылеглых да яе вуліцаў патрабуюць ад уладаў рэгулярнага падвозу балёнаў звадкаванага газу. Іначай, кажуць яны, галасаваць на выбары ня пойдуць", — зазначыў Сяргей Сакалоў і дадаў, што шмат хто з барысаўцаў, зьнявераныя ва ўладах, пачынаюць бачыць заступнікаў сваіх інтарэсаў у дэмакратычнай апазыцыі. "Я падтрымліваю апазыцыю… Я на іх болей спадзяюся, чым на нашыя ўлады", — заявіла беспартыйная барысаўчанка, гаспадыня кватэры № 72 зь пяцідзясятага дому па вуліцы Гагарына Людміла Крукава. Рэакцыя на калектыўны ліст да Аляксандра Лукашэнкі з боку мясцовых уладаў была нэгатыўная. Так, начальнік жыльлёва-камунальнае службы гораду Валянцін Ільлюшонак гэтую скаргу назваў палітычным фарсам апазыцыянэраў. Пакуль, як мне распавяла жыхарка дома № 50 "А" Ларыса Грэбнева, ніхто тут рамонтных работаў не распачынаў. Таму сёньня спадарыня Грэбнева, якая да ўсяго ёсьць актывісткаю "Народнае Грамады", разам са сваімі аднадумцамі й суседзямі наладзіла несанкцыянаваную акцыю пратэсту з карыстаньнем элемэнтаў палітычнага пэрфомансу. Аднадумцам яна раздала плякаты з патрабаваньнем неадкладнае ліквідацыі будаўнічых недаробкаў, а свайго сабаку Джэсі апранула ў чырвоныя шорты й зялёную футболку, на шыю жывёліне насунула плякат: "Толькі я пайду на выбары". Пікет-пэрфоманс праходзіў недалёка ад прахадной заводу рамонту радыёэлектроннага ўзбраеньня, дзе ў асноўным працуюць жыхары дамоў №№ 50 і 50 "А". Пад час акцыі сацыял-дэмакраты раздавалі мінакам паштоўкі з заклікамі ня браць удзелу ў выбарах у лукашэнкавы "Нацсход" ды 1 кастрычніка прыехаць у Менск на "Марш Свабоды-3".